×

У творчым пошуку: цікава, карысна, займальна

11.02.2020 14:02,

Каб навучыць дзіця правільна гаварыць, неабходна не толькі трэніраваць яго артыкуляцыйны апарат, але і развіваць дробную маторыку рук.

Развіццё тонкіх рухаў рук — гэта тая самая магічная кнопка, пры націску на якую ў дзіцяці аўтаматычна развіваецца не толькі гаворка, але і мысленне, уяўленне, навыкі інтэрпрэтацыі і многае іншае, што потым спатрэбіцца і ў вучобе, і ў жыцці. Узровень развіцця тонкай маторыкі з’яўляецца адным з важных паказчыкаў гатоўнасці дзіцяці да навучання ў школе.

Улічваючы гэта, настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 6 Ваўкавыска Людміла Пятроўна Вярстак надае вялікае значэнне арганізацыі адукацыйнага асяроддзя для развіцця дробнай маторыкі рук сваіх выхаванцаў. Варта адзначыць, што ў рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў групе інтэграванага навучання і выхавання гэты аспект набывае вялікае значэнне.

Педагог выпрацавала свой індывідуальны стыль навучання, уласную тэхналогію паспяховага засваення вучэбнага матэрыялу выхаванцамі.

— Манатоннасць практыкаванняў, якія выконваюць дзеці пры пастаноўцы гукаў, хутка зніжае іх увагу і цікавасць да матэрыялу. Каб зрабіць працэс запамінання займальным, цікавым і карысным, педагог павінен пастаянна знаходзіцца ў пошуку творчых ідэй, — лічыць Людміла Пятроўна.

А штуршком да рэалізацыі ўласных ідэй з’яўляюцца залатыя рукі, багатае ўяўленне і творчае натхненне педагога. Шчыра ўлюбёная ў сваю работу, Людміла актыўна і ненадакучліва паглыбляе выхаванцаў у цікавы і захапляльны свет гульні.

Сваімі творчымі знаходкамі педагог шчодра дзеліцца з калегамі. Шматфункцыянальны, маляўнічы дыдактычны матэрыял для дзяцей дашкольнага ўзросту “Развіваемся гуляючы” ў дапамогу педагогам і бацькам размешчаны на сайце Ваўкавыскага раёнага ЦКРНіР. Змест дапаможніка накіраваны на фарміраванне жыццёва значных ведаў і ўменняў дзяцей дашкольнага ўзросту. Варыятыў­насць выкарыстання гэтага дыдактычнага матэрыялу ў адукацыйным працэсе даз­валяе замацаваць уяўленні выхаванцаў аб сезонных зменах у прыродзе, аб прыродных з’явах, іх значэнні ў жыцці чалавека, жывёльным і раслінным свеце.

“Дапамажы ляльцы зашпіліць боцікі”, “Што змянілася?”, “Упрыгож елку”, “Палічы”, “Раскажы казку”, пальчыкавыя трэнажоры з рознымі відамі зашпілек: кнопкі, кручкі, ліпучкі, шнуроўкі, з дапамогай якіх дзіця прымацоўвае неабходныя прадметы, звяртаючы ўвагу на іх колер, месцазнаходжанне. Я­ркія дэталі робяць гульню займальнай, а вынік атрымліваецца цудоўным.

Зробленыя педагогам гульні дазваляюць кожнаму выхаванцу раскрыц­ь свой патэнцыял з дапамогай выкарыстання слыхавых, зрокавых, тактыльных аналізатараў і накіраваць адукацыйны працэс на дасягненне станоўчых вынікаў.

Дастойнае месца ў інфармацыйна-метадычным кабінеце ўстановы заняла аўтарская казка “Сынок-з-кулачок”, створаная настаўнікам-дэфектолагам, якую актыўна выкарыстоўваюць у рабоце з дзецьмі іншыя педагогі.

Са сваімі творчымі знаходкамі педагог выступае перад калегамі. Пад кіраўніцтвам Людмілы Вярстак прахо­дзяць майстар-класы па вырабе беларускіх народных лялек не толькі ў нашай установе, але і на метадычных аб’яднаннях раённага ўзроўню.

Нездарма работу педагога адзначылі Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама на жнівеньскай нарадзе ў пачатку навучальнага года.

Таццяна ХЛАМКО,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 6 Ваўкавыска.