×

Уджаліць — не ўджаліць, а мядком задарыць

11.09.2019 14:55,

У кантэксце існуючых экалагічных праблем людзі ўсё больш увагі ўдзяляюць свайму здароўю, таму папулярнымі становяцца натуральныя прадукты, і мёд у іх ліку. Летам мы з навучэнцамі аб’яднання па інтарэсах “Сацыяльная экалогія і ахова прыроды”, якое працавала на базе летняга аздараўленчага лагера Любчанскай школы, паставілі перад сабой задачу: высветліць значэнне выкарыстання пчол для апылення сельскагаспадарчых раслін.

У цэнтр нашай увагі трапілі ў першую чаргу агароднінныя культуры: гарбузы, кабачкі, агуркі. Пазнаёміўшыся з пчаляром-аматарам, мы пабывалі на яго пчальніку, пачулі, як даглядаць пчол і як сябе паводзіць побач з імі. Даведаліся, што пчала можа ўджаліць, проста сутыкнуўшыся з чалавекам або зрэагаваўшы на яго рэзкія рухі. Калі да вас прычапілася пчала, то лепш не адмахвацца ад яе. Калі выпадкова наступілі на пчалу або прыціснулі яе рукой, то трэба выцягнуць джала і прыкласці да балючага месца халодны прадмет або акунуць канечнасць у халаднаватую ваду.

Якім жа было наша здзіўленне, калі мы ўбачылі на градцы, якая размешчана паблізу пчальніка, велізарныя гарбузы. Мы даведаліся, што ў многім гэта заслуга пчол, якія апыляюць агароднінныя культуры, шматлікія квітнеючыя расліны. Разам з іншымі насякомымі яны адыгрываюць у прыродзе важную ролю. Даведаліся, што пчолы, апыляючы расліны, непасрэдна сутыкаюцца з навакольным асяроддзем і аказваюцца ў небяспецы, калі гэтыя расліны і сельскагаспадарчыя культуры былі хімічна апрацаваны. Знішчэнне пчол і іх хваробы (якія зараз прагрэсіруюць) могуць стаць фактарам, што парушаюць усю аграэкасістэму, бо пчолы апыляюць больш за 150 відаў сельскагаспадарчых культур.

Слухаўшы пчаляра-аматара, я, стаіўшы дыханне, думала, што можа хто-небудзь з маіх навучэнцаў у будучыні абярэ сабе прафесію пчаляра. Можа, ім будзе не абыякавы лёс сваёй Радзімы і яны зразумеюць, што іх будучыня будзе цесна звязана і з развіццём пчалярства.

Наталля КАЗЛОВА,
педагог дадатковай адукацыі Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.