×

Урок на розных мовах

04.09.2019 14:34,

Інтэграваныя ўрокі ўсё больш і больш выкарыстоўваюцца ў сучаснай школе. Варыянтаў інтэграцыі ўрокаў англійскай мовы з іншымі сферамі ведаў існуе вялікае мноства. Вучні з задавальненнем не толькі ўдзельнічаюць у іх, але і самі іх арганізуюць, запрашаючы гасцей з разнастайных сфер дзейнасці.

У пачатку навучальнага года я з вучнямі 9 “В” класа вырашылі паклікаць да сябе на ўрок святара. Выбар не быў выпадковым, бо айцец Аляксандр Дзяшук не раз бываў у нас на класных гадзінах і расказваў, што валодае многімі замежнымі мовамі. Урок быў пабудаваны такім чынам, што кожны дзевяцікласнік змог паказаць свой узровень валодання англійскай мовай, звярнуўшыся да госця з пытаннем. Як аказалася, айцец Аляксандр, акрамя англійскай, нядрэнна валодае іўрытам, грэчаскай і лацінскай мовамі. Усе яны былі вывучаны ў духоўнай семінарыі.

Падчас урока мы правялі параўнальны аналіз гэтых моў не толькі па вымаўленню, але і па складанасці граматыкі і лексікі.

Вельмі зацікавіла вучняў арамейская мова, на якой дзве тысячы гадоў назад размаўляў сам Ісус Хрыстос. Гэта мова не з’яўляецца мёртвай: на ёй і да гэтай пары размаўляюць жыхары асірыйскай вёскі Канда, якая знаходзіцца ў 25 кіламетрах ад Тбілісі. Паглядзеўшы відэа, дзевяцікласнікі змаглі паслухаць не толькі арамейскую гаворку, але і праваслаўныя спевы.

Падчас урока вучні здзейснілі займальнае “падарожжа” па розных краінах. Падобны вопыт паказвае, што падлеткам цікавыя інтэграваныя ўрокі, заснаваныя на гісторыі, самабытнасці розных народаў, духоўнасці пакаленняў. Падобная форма правядзення выхоўвае любоў і павагу да сваёй роднай мовы і краіны, фарміруе талерантнае стаўленне да іншых народаў і іх краю, матывуе да вывучэння моў.

Людміла ЗАХАРЭВІЧ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Смаргоні.