×

Урок з раённай газетай

05.09.2019 14:24,

Для адзінаццацікласнікаў Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна Дзень ведаў стаў сапраўдным святам, якое ім падарылі супрацоўнікі раённай газеты “Новае жыццё”.

На першы ўрок “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!” у клас завіталі галоўны рэдактар газеты А.Ермакова, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама В.Кот, настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла айцец Аляксандр, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Навагрудскага РАНС Я.Навасад.

Урок праходзіў у форме медыяпраекта. Вучні прапаноўвалі слоганы, складалі партрэт Беларусі, нагадалі асноўныя крокі ў рэалізацыі грамадзянска-патрыятычнага праекта “За Беларусь”, над якім клас працаваў на працягу шасці гадоў. Гэта і гасцявыя ўрокі ў сельскім выканкаме па тэме  “Улада на месцы”, клуб цікавых сустрэч з выпуск­нікамі “Крок у прафесію”, адкрыты дыялог з сакратаром раённага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі В.Шнігір, круглы стол “Мая грамадзянская пазіцыя”, сумесны праект з гімназіяй Навагрудка “Калядныя сустрэчы”, валанцёрская дзейнасць, прафарыентацыйны праект “Наваполацк — горад прамысловы” і інш.

Два гады запар клас прадстаўляў Гродзенскую воб­ласць на Скарынаўскіх днях у Полацку. Вынікам удзелу сталі дыплом ІІІ ступені па беларускай мове і дыплом ІІІ ступені па гісторыі Беларусі.

Разам з прысутнымі вучні 11 класа шукалі адказы на пытанні “Кім быць?” і “Якім быць?”. Прэзентуючы сваю будучую прафесію, яны акцэнтавалі ўвагу на яе карыснасці для людзей і дзяржавы.

Разважаючы над пытаннем “Што значыць быць грама­дзянінам сваёй краіны?”, пацікавіліся меркаваннем выпускніка школы С.Ліса, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2-га і 3-га скліканняў.

Юнак, чыя сям’я вымушана была змяніць месца жыхарства і пераехаць у Беларусь, гаварыў аб нашай Радзіме як аб астраўку міру і стабільнасці. Дзяўчынка, якая неаднаразова ездзіла на азда­раўленне ў Італію, гаварыла, як сумавала па родных краявідах, нацыянальных стравах і звычаях. Яна сказала, што па-сапраўднаму зразумела, што такое туга па Радзіме і матчынай мове.

Клас звязваюць цесныя сувязі з рэдакцыяй газеты “Новае жыццё”. Супрацоўнікі рэдакцыі неаднаразова прыяз­джалі ў школу, праводзілі дзелавую гульню да Дня друку, арганізавалі для вучняў экскурсію ў рэдакцыю, дзе  вучні даведаліся аб выдавецкай справе і прафесіі журналіста, а потым сталі і самі аўтарамі не толькі матэрыялаў для газеты, але і цэлай старонкі “Мы і нашы дзеці”.

Алена Яўгенаўна Ермакова расказала аб ролі сродкаў масавай інфармацыі ў жыцці грамадства, аб удзеле газеты ў Нацыянальным конкурсе друкаваных СМІ “Залатая ліцера”. Выпускнікі школы прапанавалі рэдактару  ўласны нумар газеты, складзены на ўроку.

Гэтая акцыя паклала цікавую традыцыю ўдзелу прад­прыемстваў і арганізацый горада і раёна ў святкаванні Дня ведаў дзеля таго, каб падарыць дзецям свята.

Тамара СУРАГА,
класны кіраўнік 11 класа Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.