×

Урокі музея і ўрокі ў музеі

13.08.2019 11:34,

“Давайце вывучым усё і ўсюды!” — дэвіз юных краязнаўцаў Ёдкаўскай сярэдняй школы. Як гэта магчыма? Вельмі проста — трэба звярнуцца да такой выдатнай навукі, як краязнаўства. Матывуем вучняў да ўдзелу ў краязнаўчай рабоце праз акцыі і грамадска карысныя справы.

Каб заахвоціць дзяцей краязнаўчай работай і дзейнасцю музея, для тых, хто наведвае яго ўпершыню, як мага лепш падыдзе акцыя “Музейнае сэлфі”. Старшакласнікі загадзя рыхтуюць экскурсію па якой-небудзь экспазіцыі, а пасля яе прапануюць слухачам зрабіць некалькі фотаздымкаў. Можна прапанаваць сфатаграфавацца з савецкай школьнай формай, на фоне рэпрадукцый карцін або з незнаёмымі прадметамі (дыяпраектарам, лічыльнікамі, старымі кнігамі, прадметамі этнаграфіі).

Акцыя “Дзень музея ў школе” прахо­дзіць у Міжнародны дзень музеяў па зага­дзя падрыхтаваным плане, на яе запрашаюцца настаўнікі, госці, вучні з іншых школ. Акцыя шырока рэкламуецца ў блогу, на сайце школы, на інфармацыйным стэндзе.

Акцыя “Чытаем у музеі” адбываецца на ўроках гісторыі, літаратуры. Чытаць можна як кнігі з экспазіцыі музея, так і праграмныя творы або іншую дадатковую літаратуру, якой няма ў школьнай бібліятэцы. Акцыя “Музей у чамадане” прыдатна для экспанавання прадметаў музея па-за яго межамі: у класе, на фестывалі музеяў, у іншых уста­новах. Акцыя “Экспанат суботы” прахо­дзіць у шосты школьны дзень. Старэйшыя дзеці выбіраюць для малодшых школьнікаў адзін экспанат, рыхтуюць яго прэзентацыю і ў суботу запрашаюць усіх жадаючых на сустрэчу. Вучні, напрыклад, могуць бліжэй пазнаёміцца з такімі экспанатамі, як “Вялікі геаграфічны атлас” з закрытай Кенцеў­скай школы, газета “Праўда”, якая выйшла 9 мая 1945 года, афіша знакамітага земляка прафесара малявання Браніслава Яманта, дасланая з Польшчы.

На працягу навучальнага года праходзіць акцыя “Экспанат — музею”. Вучні прыносяць у музей прадметы, дакументы, фотаздымкі і іншыя рэчы, якія маюць гістарычную каштоўнасць і звязаны з малой радзімай. Завяршаецца акцыя ў канцы навучальнага года конкурсам “Знаходка школы”. Найбольш каштоўны экспанат прадстаўляецца на раённы конкурс “Знаходка года”.

У чым выключнасць такіх незвычайных экскурсій? Па-першае, гэтыя экскурсіі вучаць. Кожная ўключае ў сябе як мінімум два ўрокі, якія змяшчаюць мноства інфармацыі. Па-другое, нашы экскурсіі ву­чаць не толькі аднаму прадмету. Па-трэцяе, кожная экскурсія — маленькае даследаванне навакольнага свету, правёўшы якое юны даследчык будзе яшчэ больш гатовы да будучага дарослага жыцця. Па-чацвёртае, экскурсіі развіваюць. Дзеці набываюць бясцэнны вопыт. Па-пятае, назва экскурсіі павінна прывабліваць слухачоў. Напрыклад, “У крамянёвай майстэрні”, “Па слядах знакамітага земляка”, “Польская школа. Як усё пачыналася”, “Мая знакамітая бабуля”,  “Як жылі нашы продкі ў старажытнасці”, “Асоба, вартая энцыклапедыі”, “Фотаздымкі з зубнога цюбіка”.

Экскурсія ў час урока, пазакласнага мерапрыемства прадугледжвае выкарыстанне музейных прадметаў у адукацыйным працэсе, праз якія ажыццяўляецца больш блізкае знаёмства з рэаліямі жыцця. На базе музея праходзяць урокі, класныя і інфармацыйныя гадзіны, літаратурныя вечары, святы, літаратурныя гасцёўні,  урокі ведаў, прадметныя тыдні, урокі пазакласнага чытання.

Экскурсія з анімацыяй — гэта экскурсія, якая суправаджаецца тэатралізаванымі паказамі, а экскурсанты становяцца ўдзельнікамі падзей, якія адбываюцца. Такая экскурсія, акрамя агляду славутасцей і наведвання знакавых месцаў, уключае ў сябе касцюміраваную шоу-праграму, тэматычна звязаную з асноўнай лініяй экскурсіі. Прыклады анімацыйных экскурсій: “Гудзе бяседа ў Курасёўшчыне”; тэатралізаваная пастаноўка вершаў Дануты Бічэль “Роднае слова”, “Афганская сцяжынка”, “Запрашаем на вячоркі”.

Фотаэкскурсія, або фотаслова, — цікавы спосаб паказаць творчасць дзяцей у розных ракурсах: захапленне фатаграфаваннем, уменне скласці тэкст абароны сваёй выставы і артыстызм у яе прадстаўленні. 

Экскурсія-загадка выклікае ціка­васць з першых хвілін. Сутнасць яе заключаецца ў тым, што экскурсаводы выбіраюць для прадстаўлення некалькі экспанатаў і размяшчаюць іх на дэманстрацыйны стэнд, расказваюць іх гісторыю і легенды, называюць форму і памер, але не называюць прадмет. Слухачы павінны здагадацца, што гэта за экспанат. 

У мінулае немагчыма вярнуцца, а вось штучна ўзнавіць мінулыя падзеі пад сілу юным краязнаўцам. У гэтым ім дапамага­юць музейныя заняткі, галоўная задача якіх — ажыўленне мінулых падзей, працэсаў праз пераўвасабленне ў гістарычныя ўмовы праз гутарку, калектыўную дыскусію, дыспут, аналіз і разгляд праблемных сітуацый, рэканструкцыю, спалучэнне паказу і аповеду. Як прыклад — музейныя заняткі “Беларускае вяселле: традыцыі і сучаснасць”.

Для экскурсіі-выставы аднаго прадмета выбіраецца найбольш яркі экспанат або экспанат з захапляльнай гісторыяй ці легендай, які патрабуе больш дэталёвага агляду і можа на працягу доўгага прамежку часу трымаць увагу гледачоў. Або гэта можа быць экспанат, які прымеркаваны да якога-небудзь свята ці падзеі. 

Экскурсія-майстар-клас прадугледжвае адначасовы аповед экскурсавода, які імкнецца перадаць свой сацыяльны вопыт слухачам, і ўдзел прысутных у вырабе, напрыклад, лялек, вясельнага вяночка, свойскага масла.

Экскурсія з элементамі дэгустацыі, якая пераклікаецца з майстар-класамі, таксама можа праводзіцца ў вясковай хаце па дамоўленасці з гаспадарамі. У ёй распавядаецца пра тэхналогію гатавання беларускіх нацыянальных страў, якія пасля экскурсіі можна пакаштаваць.

Падчас інтэрактыўнай экскурсіі наведвальнікі вандруюць не па музеі, а па вёсцы, уключаюцца ў жыццё селяніна: вышываюць, танцуюць, гуляюць у мясцовыя гульні.

Выбар тэмы даследчай работы нашым вучням падказвае само жыццё. За апошнія два гады краязнаўцы адшукалі прататыпаў вобразаў дзяцей са зборніка знакамітай зямлячкі Дануты Бічэль “Габрыніка і Габрусь” у вёсцы Біскупцы Лідскага раёна, запісалі мясцовыя беларускія нацыянальныя стравы, даведаліся гісторыю 5 закрытых школ Лідскага раёна, запісалі ўспаміны землякоў-перасяленцаў пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС, склалі фальклорны партрэт вёскі Дакудава, знайшлі сярод мясцовых жыхароў захавальнікаў валачобнага абраду. Сапраўдным адкрыццём стала даследаванне 300-гадовай хвоі ў вёсцы Навіцкія-2.

Юныя краязнаўцы школы запісалі ад мясцовых жыхароў народныя гульні “У свінню”, “У казла”, “У слана”, “Гарады”, “Шашкі”, “Вішанька”, “Шкута ёдкаўскі”, “Яшчур”, якія актыўна праводзяць у музеі для вучняў пачатковых класаў. Вялікае значэнне мае тэатралізаваная дзейнасць: гульні-ін­сцэніроўкі, драматызацыя народных казак, легенд, твораў беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, батлейка; калядаванне, валачобніцтва. Адзін са спосабаў пашырэння ведаў аб малой радзіме і лідскай зямлі — гульня-падарожжа “Стужкі родных дарог”.

Гульні-доследы праводзяцца звычайна ў канікулярны час. Напрыклад, “Пісьмо пёравай ручкай”, “Маляванне пад кальку”, “Завядзенне савецкага будзільніка”, “Назіранне за мясцовымі краявідамі ў падзорную трубу”, “Напісанне аб’явы або віншавання пад трафарэт”, “Пераапрананне ў першабытнага чалавека і вынаходніцтва агню”, “Праслухоўванне пласцінак на прайгравальніку”.

Даўно вядома, што лепшы спосаб увабраць веды — гэта падзяліцца імі з іншым. І менавіта ў гэтым рэчышчы мы будуем сваю работу. Не “пачуў — прачытаў — вывучыў — распавёў — забыўся”, а “даведаўся, пераварыў, асэнсаваў, апра­цаваў і падзяліўся канкрэтным інфармацыйным прадуктам”. Вучнёўскі блог, які вядзе вучань 11 класа Дзмітрый Маляўскі, дазваляе ўявіць дэталёвую карціну края­знаўчага жыцця нашай школы. Блог запатрабаваны не толькі сярод вучняў школы, але і іншых краязнаўцаў раёна, у ім можна знайсці конкурсы, віктарыны, вынікі даследаванняў у выглядзе відэаролікаў, прэзентацый, жывых газет, а таксама дасягненні і навіны музея.

Юныя краязнаўцы школы сталі пераможцамі ХІІ Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”, Рэспубліканскага конкурсу  даследчых і творчых работ “Тут родныя трымаюць карані”, які праводзіўся рэдакцыяй часопіса “Роднае слова”, Абласнога конкурсу “Край Гарадзенскі”, раённых конкурсаў “Прыступкі да навукі”, “Знаходка года”, “Страчаная спадчына” і інш. У планах сяброў музея — чарговая этнаграфічная экспедыцыя па малой радзіме.

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна.