×

Усім дзецям патрэбна свята

09.01.2020 15:26,

Навучэнцы Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы далучыліся да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” па аказанні дапамогі ўсім, хто мае патрэбу ў падтрымцы, увазе і клопаце.

Акцыя “Нашы дзеці” — паказальны ўрок дабрыні як для дзяцей, так і для іх бацькоў, якія заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у гэтай дабрачыннай акцыі. 

У першую чаргу нашы навучэнцы наведалі дзяцей-інвалідаў, якія навучаюцца дома. Яны падзяліліся сваім цяплом і ўвагай, стварылі добры, святочны настрой аднакласнікам, уручылі ім падарункі і салодкія сюрпрызы, сабраныя падчас дабрачыннай акцыі. 

У рамках акцыі Дзед Мароз і Снягурка наведалі выхаванцаў Іўеўскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Яны весела, пад акампанемент акардэона, павіншавалі дзяцей з навагоднімі святамі. Усе разам спявалі песні, чыталі вершы, вадзілі карагоды вакол ёлкі, а таксама ўручылі салодкія падарункі і сувеніры.

 Мы пастараліся ахапіць увагай і дзяцей, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў педыятрычным аддзяленні Іўеўскай бальніцы.  Галоўныя героі навагодніх святаў павіншавалі маленькіх пацыентаў з Калядамі і Новым годам. Падарылі цацкі, канцылярскія прылады, наборы для творчасці і салодкія падарункі. 

У Новы год і Каляды і дарослыя, і дзеці хочуць верыць у цуд, каб іх мары і жаданні спраўджваліся, а ў жыцці панавалі станоўчыя эмоцыі. Асабліва гэта неабходна тым, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Давайце ўсе разам зробім так, каб кожнае дзіця адчула радасць зімовых святаў і паверыла ў навагоднюю казку і добрых чараўнікоў! 

Кацярына КНУТОВІЧ,
педагог сацыяльны Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы.