×

Усё пра фінансы

03.12.2019 11:21,

Адказаць на фінансавыя пытанні, за 2 хвіліны ўспомніць як мага больш прыказак і прымавак пра грошы, прарэкламаваць не зусім звычайны тавар, скласці дзелавы ліст — такія заданні выконвалі ўдзельнікі бізнес-віктарыны, якая стала фінальным мерапрыемствам праекта “Адукацыйны курс для школьнікаў “Бізнес з нуля”.


Каманда “Наша справа” сярэдняй школы № 2.

Ініцыятарамі і распрацоўшчыкамі курса выступілі Гродзенская абласная асацыяцыя прадпрымальніцтва сумесна з раённым рэсурсным цэнтрам “Развіццё прадпрымальніцкіх кампетэнцый і фінансавай дасведчанасці сярод моладзі ў працэсе прафарыентацыі” сярэдняй школы № 2 Гродна ў рамках міжнароднага праекта “Стварэнне ўстойлівай інфраструктуры для падтрымкі развіцця стартапаў і малога бізнесу ў рэгіёнах Беларусі”.

— Перад пачаткам рэалізацыі праекта ў шасці навучальных установах Ленінскага раёна Гродна было праведзена анкетаванне навучэнцаў 8—10 класаў для вызначэння ўзроўню іх прадпрымальніцкіх кампетэнцый і фінансавай дасведчанасці. У­дзел у анкетаванні прынялі больш за 300 навучэнцаў, — расказвае старшыня Гродзенскай абласной асацыяцыі прадпрымальніцтва Ігар Чарнякоў. — Потым яны ўдзельнічалі ў васьмі занятках па шасці модулях адукацыйнага курса для школьнікаў “Бізнес з нуля” з інтэрактыўнымі элементамі, якія ўключалі дзелавыя гульні, трэнінгі, квізы, віктарыны.

Тры лепшыя каманды па выніках адукацыйнага курса — з сярэдніх школ № 2 і № 27, гімназіі № 5 — сустрэліся ў сярэдняй школе № 2 на яго заключным мерапрыемстве.

— Школьнікі мелі магчымасць прадэманстраваць атрыманыя веды і набытыя ў ходзе навучання прадпрымальніцкія кампетэнцыі, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Аксана Кірайчук. — Фармат фінальных мерапрыемстваў — шэсць конкурсаў, якія былі лагічна выбудаваны ў жыццёвы цыкл фірмы. Удзельнікі спаборнічалі ва ўменні прайсці этап рэгістрацыі сваёй фірмы. Трэба было расказаць пра выбраны від дзейнасці, размеркаваць штатныя пасады і прадставіць службовыя абавязкі супрацоўнікаў, атрымаць ліцэнзію на адпаведную дзейнасць. Падчас конкурсу “Зарабі стартавы капітал” — знайсці першапачатковыя фінансы, заклю­чыць дагавор з віртуальным замежным партнёрам.

Па выніках усіх конкурсаў перамогу атрымала каманда “Наша справа” сярэдняй школы № 2. Усе каманды-ўдзельніцы атрымалі ганаровыя кубкі, дыпломы і падарункі для школы — акустычныя сістэмы. Кожны ўдзельнік таксама атрымаў падарункак. Але галоўнае — усе школьнікі атрымалі такія патрэбныя ў жыцці фінансавыя і прадпрымальніцкія веды і кампетэнцыі.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.