×

Вандроўка па родных сцяжынках з Лесікам

14.03.2019 17:12,

У Гальшанскай школе стала добрай традыцыяй напрыканцы зімы кожны год праводзіць тыдзень пачатковай школы. Гэта сапраўднае свята для пачаткоўцаў. На метадычнай нарадзе настаўнікаў пачатковых класаў было вырашана адправіцца з пачаткоўцамі ў вандроўку па родных сцяжынках малой радзімы разам з талісманам ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года — лісянём Лесікам.

Гальшаны спартыўныя. Самыя хуткія і спрытныя  вучні паспрабавалі сябе ў спартыўных спаборніцтвах дзякуючы спартландыі “Вас выклікае Лесік!”. А мастакі, аматары спорту, праявілі сябе ў конкурсе плакатаў “Мы — за спорт!”.

Гальшаны гераічныя. Вучні адправіліся ў школьны народны музей імя Э.Корзуна. Кіраўнік музея Я.І.Корзун пазнаёміла вучняў з гераізмам нашых аднавяскоўцаў у час вайны. Таксама ў гэты дзень прайшла святочная лінейка, падчас якой вучняў 2 класа прынялі ў акцябраты. Другакласнікі ў святочнай атмасферы далі клятву быць сапраўднымі патрыётамі Радзімы.

Гальшаны гістарычныя. Вучні 4 класа разам з класным кіраўніком В.В.Рагінскай запрасілі на адкрытую класную гадзіну “Падарожжа па родным краі”. З вуснаў вучняў гучалі лірычныя песні, вершы, шчырыя выказванні аб гісторыі, прыгажосці родных мясцін.

Дзень “Гальшаны літаратурныя” супаў з сусветным днём роднай мовы. Вучні і настаўнікі стараліся размаўляць толькі на беларускай мове. Прайшоў конкурс чытальнікаў вершаў “Мой родны кут, як ты мне мілы!”. Пачаткоўцы з захапленнем чыталі вершы пра малую радзіму, пра родную Беларусь! А вучні 1 класа з класным кіраўніком С.У.Андрэевай запрасілі на адкрыты ўрок беларускай мовы. Захапіў конкурс “Кароль пісьма” сярод вучняў 1—2 класаў і конкурс міні-сачыненняў “Мая маленькая радзіма” сярод вучняў 3—4 класаў.

Гальшаны культурныя. Вучні мелі магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў і фотаздымкаў “Люблю цябе, мой край  Гальшанскі!”. А вучні 2 класа з класным кіраўніком Л.М.Захаржэўскай запрасілі аматараў прыроды на інтэлектуальную гульню “Прырода роднага краю”.

І вось зноў Лесік запрашае на лінейку, каб падвесці вынікі вандроўкі разам з вучнямі пачатковай школы. Многія атрымалі чатыры, пяць і нават шэсць грамат. Словы віншавання гучаць у адрас пераможцаў і настаўнікаў, якія былі разам са сваімі маленькімі сябрамі. Радасныя ўсмешкі і шчаслівыя твары ўздымалі настрой. Хочацца верыць, што наша вандроўка пакінула добры след у сэрцах  пачаткоўцаў Гальшанскай школы.

Людміла ЗАХАРЖЭЎСКАЯ,
кіраўнік метадычнага аб’яднання пачатковых класаў Гальшанскай сярэдняй школы.