×

Вецер вандраванняў

05.07.2019 14:58,

Дзяўчынкам і хлопчыкам з Мікелеўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа пашчасціла адпачыць у палатачным лагеры “Вецер вандраванняў”.

 Сваё падарожжа выхаванцы пачалі з родных месцаў аг. Мікелеўшчына, дзе да іх далучыліся дзеці з лагера Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, які сабраў навучэнцаў з розных куткоў Мастоўскага раёна.

Дзякуючы лагеру дзеці даведаліся пра славутасці свайго роднага краю, пра іх гісторыю. Былі арганізаваны экскурсіі ў вёску Алешавічы і на возера нашага аграмястэчка. Быў цудоўны шанц паспрабаваць штосьці новае, знайсці сябе ў чымсьці. Нехта заваяваў славу для свайго лагера ў запале спартыўных спаборніцтваў, падаючы мяч так трапна і дакладна, як ніхто іншы, а нехта ўразіў творчымі здольнасцямі.

Далей абодва лагеры перамясціліся ў вёску Пацэвічы і пачалі ўладкоўваць месца для пражывання ў маляўнічым кутку пад ліпамі. За час стаянкі пазнаёміліся са славутасцямі вёскі, наведалі храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў в. Самуйлавічы, здзейснілі паход да ракі Зяльвянка. Кожны дзень завяршаўся каля вогнішча з гітарай і доўгімі гутаркамі. Здавалася, што свеціць там не толькі вогнішча. Усе дзеці асвятлялі гэту атмасферу аўрай цеплыні і адзінства.

Апошняй стаянкай стала тэрыторыя выхаваўча-аздараўленчай установы “Лагер “Нёман”. Выхавальнікі вучылі дзяцей навыкам пешаходнага турызму: завязваць вузлы, праходзіць перашкоды на зямлі і над зямлёй.

Не забывалі і пра памятныя падзеі 2019 года. Так, была арганізавана выстаўка малюнкаў, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Выхаванцы паказалі спрыт у ваенізаваных і турыстычных эстафетах гульні “Зарніца”. II Еўрапейскім гульням былі прысвечаны спаборніцтвы па футболе паміж дзецьмі палатачных лагераў. Яны, як і нашы беларускія спартсмены, таксама змагаліся за перамогу. 

Апошні вечар лагера запомніўся конкурсам “Містар лагера”, у якім прынялі ўдзел хлопчыкі з суседняга лагера і наш выхаванец Дзіма Лішко. Усе рыхтаваліся да яго выступлення: хто дапамагаў прыдумаць творчую візітку, хто маляваў плакаты для падтрымкі. У выніку ён стаў пераможцам! Акрамя 1-га месца Дзіма яшчэ заваяваў прыз глядацкіх сімпатый, паказаўшы спрыт, талент, крэатыўнасць, сілу. Вечар завяршыўся каля развітальнага вогнішча: дзеці спявалі дружна песні пад гітару, дзяляліся ўражаннямі і трохі сумавалі, бо прыйшоў час развітвацца з гэтымі цудоўнымі днямі.

Час у лагеры праляцеў хутка і для дзяцей, і для выхавальнікаў, але ў памяці засталося шмат вясёлых і незабыўных успамінаў. А самае важнае, што ўсе здабылі новых знаёмых. Калі на карце правесці каляровыя лініі паміж новымі таварышамі з розных куткоў нашага раёна, то, здаецца, уся карта мільгала б лініямі рознай даўжыні і самых розных колераў.

Таццяна ПЯЦЭВІЧ,
дырэктар Мікелеўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна.