×

Ведаць, каб памятаць

15.04.2019 15:18,

У рамках акцыі “Да суседзяў” і школьнага праекта “Памятаем! Ганарымся!”, які прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вучні Таркачоўскага дзіцячага сада — пачатковай школы здзейснілі падарожжа ў Навагрудак.

Але першым прыпынкам стаў аграгарадок Кашалёва, дзе пачаткоўцы наведалі музей “Спадчына” мясцовай школы. Азнаёміліся з экспазіцыямі “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Жыццё і побыт беларусаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя”, “Гісторыя роднай школы”. Даведаліся пра гаспадарку беларусаў, убачылі цікавыя прадметы побыту, калекцыі ганчарных і тканых вырабаў. Вельмі цікавым быў аповед экскурсавода аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, якія адбываліся на тэрыторыі аграгарадка і Навагрудскага раёна. Цікавасць выклікалі прадметы, якімі карысталіся ў партызанскіх атрадах і брыгадах.

Каб пазнаёміцца з гісторыяй і культурай Навагрудчыны, пачаткоўцы наведалі Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей. Значную частку яго экспазіцыі займае тэма Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым раздзеле навучэнцы пазнаёміліся з дакументамі, фотаздымкамі, абмундзіраваннем, асабістымі рэчамі, узнагародамі ўдзельнікаў баявых дзеянняў. Уважліва і з цікавасцю слухалі экскурсавода, задавалі пытанні, разглядалі экспанаты. На адным са стэндаў убачылі архіўны фотаздымак партызанскай сям’і Мазураў з вёскі Дубатоўка, якая знаходзіцца недалёка ад аг. Таркачы. Хлопчыкаў найбольш зацікавіла зброя і абмундзіраванне, а дзяўчынак — быт у партызанскім атрадзе.

Найбольшыя ўражанні выклікала мемарыяльная экспазіцыя “Яўрэйскае супраціўленне на Навагрудчыне ў гады Халакосту”. Яна размешчана на месцы, дзе ў гады вайны знаходзілася яўрэйскае гета. Жудасць выклікалі цёмныя і халодныя баракі, драўляныя паліцы, дзе яўрэі туліліся цэлымі сем’ямі. Вельмі зацікавіў вучняў люк, які вёў у падземны тунэль. Пачаткоўцы даведаліся аб тых, хто капаў тунэль, хто выжыў і загінуў; аб яўрэйскім партызанскім атрадзе братоў Бельскіх, які дапамог арганізаваць пабег праз тунэль, аб простых жыхарах, якія дапамагалі яўрэям, рызыкуючы жыццём.

Дзеці прайшлі па тым месцы, дзе пад зямлёй знаходзіўся тунэль, які стаў дарогай жыцця для 250 вязняў навагрудскага яўрэйскага гета, з якіх да партызан дайшлі каля 150 чалавек. У тым месцы, дзе заканчваўся тунэль, узведзена Сцяна слёз. Яна не завершана, але ўжо цяпер нагадвае аб людзях, якія пайшлі і не вярнуліся, аб цяжкім жыцці і пакутах яўрэяў, аб тым, якой цаной далася перамога нашаму народу. Памяць загінулых навучэнцы ўшанавалі хвілінай маўчання.

Па дарозе дадому яшчэ доўга абмяркоўвалі пачутае і ўбачанае, дзяліліся ўражаннямі. Подзвіг яўрэйскіх вязняў навагрудскага гета назаўсёды застанецца ў памяці.

Вольга КАРДАШ,
настаўніца пачатковых класаў Таркачоўскага дзіцячага сада — пачатковай школы Дзятлаўскага раёна.