×

Весела, цікава, карысна

20.08.2019 14:27,

Бяспека дзяцей заўсёды ў прыярытэце як у бацькоў, так і ў настаўнікаў. Неабыякавымі да гэтага пытання застаюцца і прадстаўнікі Гродзенскага ўпраўлення МНС, якія з велізарным задавальненнем арганізоўваюць тэматычныя заняткі і праграмы для дзяцей у рамках рэспубліканскай акцыі “Канікулы без дыму і агню”.

Сустрэчы супрацоўнікаў гарадскога аддзялення па надзвычайных сітуацыях з выхаванцамі нашага аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Непаседы” ужо сталі традыцыйнымі, і праходзяць яны займальна, заўсёды ў гульнявой форме. Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі даведваюцца пра нешта новае, цікавае і карыснае, але і на практыцы адпрацоўваюць навыкі паводзін у экстрэмальных сітуацыях.

Чарговая такая сустрэча прайшла днямі ў рамках тэматычнага Дня бяспекі нашага лагера, які сабраў на 3-ю змену дзяцей з усіх устаноў адукацыі Ленінскага раёна Гродна. Хлопчыкам і дзяўчынкам зладзілі сапраўднае свята, дзе кожны мог знайсці занятак па душы: пагуляць у імправізаваны боўлінг, трапіць у цэль струменем вады з сапраўднага пажарнага бранспойта, адказаць на пытанні віктарыны па бяспецы, паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў на асфальце і спартыўных эстафетах “Ратавальнікі спяшаюцца на дапамогу”. Эмоцый і ўражанняў ад такой насычанай праграмы ў дзяцей засталося шмат. А карысці яшчэ больш, бо хто ведае: сёння гэта гульня, а заўтра — выратаванае жыццё.

Галіна ГАЛАСЬ,
педагог-арганізатар гімназіі № 6 Гродна.