×

Відэаматэрыялы на ўроках англійскай мовы

10.08.2019 15:16,

Для таго каб сфарміраваць устойлівую станоўчую матывацыю вучняў у дачыненні да замежнай мовы, настаўніку варта выкарыстоўваць нестандартныя формы работы, уключаць у працэс навучання новыя прыёмы і метады, звяртацца да новых тэхнічных сродкаў.

Прымяненне відэаматэрыялаў дазваляе вырашаць вельмі важныя задачы навучання, выхавання і адукацыі. Па-першае, навучэнцы пры праглядзе відэафільмаў маюць магчымасць чуць англійскую гаворку з вуснаў носьбітаў мовы. Па-другое, відэафільмы да­юць магчы­масць навучэнцам убачыць на ўласныя вочы тое, пра што ідзе размова на ўроках.

Існуе вялікая колькасць відэаматэрыялаў, якія можна выкарыстоўваць на ўроках англійскай мовы: вучэбныя відэа, мастацкія і дакументальныя фільмы, мультфільмы, відэазапісы тэлевізійных навін, музычныя відэакліпы, відэаэкскурсіі.

Практыка паказвае, што пры выбары відэаматэрыялаў неабходна кіравацца наступнымі крытэрыямі: 

  • выкарыстанне відэаматэрыялу павінна адпавядаць патрабаванням зместу вучэбнай праграмы;
  • мова персанажаў або дыктара павінна быць дакладнай і не вельмі хуткай, добра праслухоўвацца;
  • мова павінна быць сучаснай, адпавядаць патрабаванням і нормам літаратурнай мовы, з наяўнасцю натуральных паўз паміж выказваннямі; сам тэкст не павінен быць перагружаны новымі словамі, выразамі і незнаёмымі жэстамі;
  • малюнак фільма павінен быць выразным і якасным;
  • час выкарыстання відэаматэрыялаў не павінен перавышаць 15 мінут, а сюжэт абавязкова павінен быць скончаным.

Пры рабоце з відэаматэрыяламі вылучаюць тры асноўныя этапы:

1) падрыхтоўчы, або пераддэманстрацыйны этап (pre-viewing);

2) успрыманне фільма, ці дэманстрацыйны этап (while viewing);

3) кантроль разумення асноўнага зместу, або паслядэманстрацыйны традыцыйный этап (after-viewing), і развіццё ўменняў вуснай мовы;

Кожны этап уключае некалькі відаў практыкаванняў, якія падбіраюцца ў залежнасці ад тэмы ўрока. 

Мэта пераддэманстрацыйнага этапу: зняцце магчымых моўных і лінгвакраязнаўчых цяжкасцей, матывацыя і падрыхтоўка навучэнцаў для паспяховага выканання наступных заданняў.

Мэта дэманстрацыйнага этапу: забеспячэнне далейшага развіцця моўнай, маўленчай або сацыякультурнай кампетэнцый вучняў з улікам іх рэальных магчымасцей іншамоўных зносін. Асноўная дзейнасць на гэтым этапе накіравана на пошук моўнай інфармацыі: прагляд з паўзай, бязгучны прагляд, запаўненне табліцы, размяшчэнне малюнкаў або абзацаў у правільным парадку, расстаноўка падзей у адпаведнасці з лагічнай паслядоўнасцю, супастаўленне слоў і словазлучэнняў.

Мэта паслядэманстрацыйнага этапу: засваенне маўленчага матэрыялу, які выкарыстоўваецца ва ўмовах, набліжаных да рэальнай сітуацыі.

Навучэнцам прапануюцца практыкаванні, накіраваныя на арганізацыю маўленчай творчай дзейнасці: пераказ тэксту, абмеркаванне праблем відэасюжэта, пераўтварэнне матэрыялу (напрыклад, прагляд урыўка тэленавін, пасля якога робіцца яго пісьмовае прадстаўленне); вырашэнне праблемных задач (адбор інфармацыі з пэўнай мэтай, аналіз, аргументацыя, абвяржэнне, доказ, вылучэнне галоўнага); праект­ныя заданні; дэбаты; драматызацыі; агучванне прагледжанага відэасюжэта. Такія практыкаванні прадугледжваюць непадрыхтаванае выказванне, якое ажыццяўляецца ў індывідуальным, парным або групавым рэжымах.

У сваёй практыцы выкарыстоўваю наступныя прыёмы работы з відэаматэрыяламі.

Прад’яўленне зрокавага рада без гукавога суправаджэння — silent viewing, адключаем гук. На экране ідзе трансляцыя відэасюжэта з гукам, затым гук убіраецца і навучэнцы дадумваюць рэплікі герояў па міміцы, жэстах, рухах і супастаўляюць іх з тымі, якія яны чулі падчас прагляду з уключаным гукам.

Сінхроннае прад’яўленне гукавога і зрокавага рада — usual watching. Гэты прыём выкарыстоўваецца з мэтай удасканалення навыкаў аўдзіравання, маўлення, уменняў весці дыялог. Настаўнік спыняе відэазапіс у ключавых момантах, задае пытанні, якія тычацца таго, што ўжо здарылася і што павінна адбыцца, навучэнцы прадказваюць далейшы сюжэт і супастаўляюць прагноз з рэальнымі фактамі.

Заданні на пошук моўнай інфармацыі. Пасля прагляду відэасюжэта навучэнцам прапануецца выканаць заданні: падабраць рускія ці англ­ійскія эквіваленты да слоў; запоўніць пропускі ў прапановах; запісаць прыметнікі, якія ўжываліся да назоўнікаў; запісаць формы ўжывання дзеясловаў у тэксце; адзначыць словы, якія ўжываліся ці не ўжываліся ў відэаўрыўку. Гэты прыём выкарыстоўваецца для ўдасканалення лексічных навыкаў, навыкаў чытання, аўдзіравання, развівае і трэніруе памяць, увагу і мысленне.

Five’s and H. Вучням прапаноўваецца праглядзець відэасюжэт і запісаць асноўныя даныя ў 6 калонак пад загалоўкамі “Who?”, “What?”, “Where?”, “When?”, “Why?”, “How?”. Гэты прыём выкарыстоўваецца пры вывучэнні тэм “Вядомыя людзі” (9 клас), “Навіны” (10 клас), “Мая будучая прафесія” (11 клас), “Інтэрв’ю з зоркай” (9 клас).

Відэадыялогі. Удала прыём прымяняецца ў 5 класе пры вывучэнні тэм “На ўроку”, “У кафэ”, “Ва ўрача”, у 7 класе — “У аэрапорце”, “У гасцініцы”. Выбіраецца ўрывак з відэафільма на 1—2 хвіліны. На картку выпісваецца кожная рэпліка з паметкай, якому персанажу яна належыць. Групе даецца поўны камплект картак, якія змяшчаюць гэты дыялог. Навучэнцы глядзяць відэа, не зазіраючы ў карткі, а затым расстаўляюць рэплікі ў тым парадку, у якім яны сустракаліся ў відэафрагменце. Навучэнцы гля­дзяць урывак паўторна і правяраюць правільнасць пастаноўкі рэплік. Пры неабходнасці можна рабіць паўзы. Затым навучэнцы трэніруюць чытанне дыялогу. Такі прыём работы спрыяе развіццю лагічнага мыслення і ўважлівасці, абагульненню ведаў па тэме.

Пры правядзенні ўрокаў у старшых класах выкарыстоўваю відэакурс Window on Britain. Асноўная мэта відэакурса — пазнаёміць навучэнцаў з Брытаніяй, яе звычаямі, традыцыямі. Перавага гэтага відэа ў тым, што навучэнцы будуць чуць выдатную гаворку носьбітаў англійскай мовы. Відэа можа таксама выкарыстоўвацца з субтытрамі. У гэтым курсе прадстаўлена калекцыя відэаматэрыялаў на разнастайную тэматыку: An introduction to Britain, Schools, Education, Food, Homes, Sport, Festivals, Pop, London, Work, Holidays.

Пры навучанні англійскай мове ў пачатковых класах можна выкарыстоўваць самыя разнастайныя відэаматэрыялы, напрыклад, відэакурс British council for kids, на якім ёсць выдатная падборка відэа з практыкаваннямі.

Такім чынам, выкарыстанне відэаматэрыялаў дазваляе ўключыць усіх вучняў у працэс авалодання іншамоўнай культурай на максімальным для кожнага навучэнца ўзроўні паспяховасці, стымуляваць развіццё разумовай і творчай актыўнасці вучняў, спрыяць стварэнню аптымальных умоў для фарміравання і развіцця іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў.

Неабходна таксама ўлічваць і складанасці, з якімі можна сутыкнуцца пры выкарыстанні відэа­матэрыялаў у навучанні. Да іх адносяцца матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, працаёмкі працэс падрыхтоўкі, які патрабуе вялікіх выдаткаў часу. Варта прымаць пад увагу, што прымяненне на ўроку ІКТ (згодна з патрабаваннямі) павінна быць строга дазіраваным.

 Выкарыстанне відэаматэрыялаў на ўроках садзейнічае павышэнню вучэбнай матывацыі навучэнцаў, фарміруе здольнасць мысліць нестандартна і творча.

Таіса ЖУК,
настаўніца англійскай мовы Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета.