×

Віртуальнае ўзаемадзеянне

02.11.2019 14:51,

На сайце Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы размешчаны электронны інфармацыйны рэсурс “Віртуальная этнастудыя “Каласок”, прадстаўлены як сродак дысемінацыі педагагічнага вопыту настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага.

З засваеннем вопыту звязаны такія працэсы, як укараненне, трансляцыя, распаўсюджванне, абмен. Усё гэта аб’ядноўваецца ў адным тэрміне — дысемінацыя. Уменне дысемінаваць свой педагагічны вопыт з’яўляецца для настаўніка не толькі абавязковай якасцю, якая сведчыць пра яго прафесійную кампетэнтнасць, але і неабходным інструментам для самаразвіцця.

У аснове прадстаўленага рэсурсу ляжыць ідэя ўзаемадапамогі: педагог дапамагае педагогу. Аб’ектам дысемінацыі з’яўляецца мадэль фарміравання сацыяльна-партнёрскіх адносін праз сродкі фальклоратэрапіі ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі.

Асноўныя задачы дысемінацыі вопыту — арганізаваць інфармаванне пра педагагічны вопыт у форме інфармацыйнага рэсурсу “Віртуальная этнастудыя “Каласок” на сайце ўстановы адукацыі, садзейнічаць віртуальнаму ўзаемадзеянню педагогаў-аднадумцаў у рэжыме анлайн-зносін, забяспечыць аптымальны доступ да неабходнай інфармацыі па фарміраванні сацыяльна-партнёрскіх адносін ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі.

Інфармацыйны рэсурс змяшчае дыягнастычныя, метадычныя і дыдактычныя матэрыялы, назапашаныя за час работы этнастудыі “Каласок”, і складаецца з наступных раз­дзелаў: “Гульнявы куфар”, што падзяляецца на 2 падраздзелы “Энергазатары” і “Энерджайзеры”, прадстаўленыя ў форме каталога эмацыянальных гульняў і практыкаванняў, накіраваных на стварэнне атмасферы сумеснага су­працоўніцтва, узаемадзеяння; “Дыягнастычная скрыначка” прапануе дыягнастычныя матэрыялы ў выглядзе “Дзённіка назірання настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага” і “Партфоліа сям’і”, што накіраваны на вызначэнне выніковасці фарміравання партнёрскіх адносін праз фальклоратэрапію. У раздзел “Фальклорная скарбніца” ўваходзяць беларускія народныя гульні, карагоды, танцы-скокі; “Катрынка” змяшчае медыятэку беларускіх народных песень; “Метадычная скарбонка” прапаноўвае праграму этнастудыі, структуру сумесных заняткаў і цыкл заняткаў, падзелены ў адпаведнасці з узростам дзяцей (5—7 гадоў, 8—11 гадоў) і перыядам года — восеньскі, зімовы і веснавы. Раздзел “Гасцявая кніга” запрашае наведвальнікаў сайта размясціць свае каментарыі, водгукі, меркаванні, пажаданні або рэкамендаваць карысныя, на іх погляд, матэрыял і спасылкі.

 Структура віртуальнай этнастудыі “Каласок” пастаянна ўдасканальваецца і папаўняецца разнастайным дыдактычным матэрыялам.

Рэалізацыя дысемінацыі педагагічнага вопыту ў прапанаванай форме, з аднаго боку, садзейнічае павышэнню ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў шляхам арганізацыі метадычнага суправаджэння ў рэжыме анлайн-зносін, а з другога — дае магчымасць педагогам-аднадумцам атрымаць інфармацыю або абмяняцца ёй, праявіць прафесійную гатоўнасць выкарыстоўваць матэрыял у сваёй педагагічнай практыцы.

Таццяна ЯКУБОЎСКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.