×

Віват гімназія!

11.06.2019 11:42,

Пад такой назвай напрыканцы мая у гімназіі № 1 Астраўца прайшло традыцыйнае свята падвядзення вінікаў работы за мінулы навучальны год.

Гэтая добрая традыцыя бярэ пачатак яшчэ з 2004 года, калі была заснавана гімназія. За гэты час змяніліся і фармат, і месца правядзення мерапрыемства, для якога гімназічныя сцены ў апошнія гады сталі цеснымі, таму справаздачны канцэрт цяпер праводзіцца ў кінаканцэртнай зале “Астравец”. Але і яна з цяжкасцю ўмяшчае ўсіх жадаючых паглядзець на таленавітых гімназістаў, парадавацца іх поспехам. А поспехаў у навучэнцаў і педагогаў гімназіі ў розных кірунках дзейнасці сапраўды шмат. Мяркуйце самі: адных толькі выдатнікаў вучобы 60, а яшчэ больш за сотню пераможцаў раённых прадметных алімпіяд. Так, праславілі сваімі поспехамі гімназію пераможцы (дыпломы ІІІ ступені) абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах Дзмітрый Філістовіч (матэматыка), Артур Мацур (фізіка), Настасся Філістовіч (матэматыка), Дзяніс Батура (гісторыя), Таццяна Глаўдзель (фізіка), Данііл Сінкевіч (фізічная культура і здароўе). Удалым было выступленне Рымы Камагоравай на абласным этапе алімпіяды Саюзнай дзяржавы (дыплом ІІІ ступені). Абсалютнай перамогай адзначана выступленне Аліны Вайшнаровіч на абласным этапе алімпіяды па фінансавай дасведчанасці. Папулярнасцю карыстаюцца ў гімназістаў і дыстанцыйныя алімпіяды па розных прадметах, пераможцамі якіх у 2018/2019 навучальным годзе сталі больш за 30 навучэнцаў. Вынікова папрацавалі і навуковыя таварыствы “Юніс” і “Гімназіст”: пераможцамі навукова-практычных канферэнцый рознага ўзроўню сталі 29 юных даследчыкаў. На сцэне кінатэатра ў гэты дзень таксама віталі пераможцаў творчых конкурсаў і лепшых спартсменаў.

Добрыя вынікі — гэта плён сумеснай напружанай працы вучняў і іх педагогаў. Лепшыя з лепшых настаўнікаў гімназіі (а такіх аказалася амаль палова калектыву) былі ўзнагароджаны граматамі. Цёплыя, кранальныя словы з вуснаў дырэктара гімназіі А.Ч.Севасцьян прагучалі ў адрас ветэранаў педагагічнай працы Т.Ц.Мароз і Н.В.Вялікай, якія ўсю сваю душэўную цеплыню на працягу многіх гадоў дарылі вучням пачатковых класаў.

Гімназія працуе ў цесным супрацоўніцтве з бацькамі, якія прымаюць актыўны ўдзел у жыцці навучальнай установы. Самым актыўным з іх былі ўручаны падзячныя пісьмы.

Свята атрымалася. Музычныя нумары, падрыхтаваныя вучнямі пад кіраўніцтвам педагогаў А.І.Уласенка і С.С.Красновай, раскрылі таленты дзяцей ва ўсёй красе і падарылі прысутным святочны настрой. Не абышлося і без дэбютаў: упершыню на сцэне выступіла гімназічная рок-група, якая сарвала шквал апладысментаў.

“Віват гімназія!” — прагучала ў фінале свята з вуснаў яе кіраўніка і самых таленавітых і паспяховых навучэнцаў, якія заў­сёды імкнуцца быць у ліку першых.

Ала ВАКУЛІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Астраўца.