×

Вучыцца прадпрымальніцтву са школы

03.11.2019 16:18,

Дзелавыя якасці будучага менеджара, маркетолага, прадпрымальніка, кіраўніка праяўляюцца ўжо ў школьныя гады. Унікальную магчымасць заявіць пра сябе ў сферы прадпрымальніцтва маюць навучэнцы сярэдняй школы № 5 Навагрудка: у школе другі год запар працуе навучальная бізнес-кампанія “Савяня”.

Наша школьная бізнес-кампанія спецыялізуецца на вырабе сувенірнай прадукцыі з даступных і экалагічна чыстых матэрыялаў: фанеры, піламатэрыялаў і фетру. Разнастайны прапанаваны асартымент сувеніраў да любога свята ўжо прыйшоўся даспадобы навучэнцам, іх бацькам і работнікам школы. Тэрмін дзейнасці бізнес-кампаніі невялікі, але юныя прадпрымальнікі ўжо змаглі заявіць аб сваёй працы ў вобласці.

Напрыканцы кастрычніка бізнес-кампанія “Савяня” ўзяла ўдзел у фестывалі навучальных бізнес-кампаній Гродзенскай вобласці. Рэалізацыя дзелавых і творчых ініцыятыў у прадпрымальніцкай дзейнасці, распрацоўка бізнес-ідэй і праектаў — усё гэта абавязковая ўмова ўдзелу ў фестывалі.

У старшакласнікаў з’явілася ўнікальная магчымасць падзяліцца вынікам сваёй дзейнасці, паглядзець і ацаніць прадукцыю іншых бізнес-кампаній, пагутарыць з прадстаўнікамі бізнес-структур. Навучэнцы наведалі цікавыя майстар-класы, дзе падрабязна даведаліся, як трэба пачынаць свой бізнес-праект і якія асаблівасці вядзення сваёй справы.

Дзейнасць бізнес-кампаніі “Савяня” была высока ацэнена журы фестывалю: атрыманы сертыфікат і дыплом І ступені Гродзенскай абласной асацыяцыі прадпрымальніцтва за найлепшую рэалізацыю магчымасцей вытворчасці матэрыяльных і інтэлектуальных прадуктаў.

Праца ў вучэбнай бізнес-кампаніі дапамагае навучэнцам атрымліваць пэўныя эканамічныя веды, уменне складаць бізнес-праекты і ўдала іх рэалізоўваць. Але самае галоўнае — з’яўляецца жаданне далей працаваць у напрамку прадпрымальніцкай дзейнасці.

Ірына ШЛЯХЦІЦАВА,
кіраўнік школьнай бізнес-кампаніі “Савяня” сярэдняй школы № 5 Навагрудка.