×

Вучыліся бацькі

01.11.2019 15:49,

Як адбываюцца важныя змены ў псіхічным развіцці ў ад 1 да 3 гадоў і як узаемадзейнічаць з дзіцем у гэты час — пра гэта бацькі выхаванцаў малодшых груп даведаліся на занятках “Псіхалагічныя асаблівасці дзяцей ранняга ўзросту” ў клубе “Першыя крокі”, які арганізаваны ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.

Бацькі атрымалі падрабязную інфармацыю пра асаблівасці дзяцей ранняга ўзросту, пра ўменне разумець гэтыя асаблівасці і заканамернасці іх развіцця, вылучаць асноўныя праблемы ўзаемадзеяння з дзецьмі ранняга ўзросту, а таксама змаглі падзяліцца вопытам па выхаванні.

Для зняцця напружання бацькі выканалі практыкаванне “Паветраны шарык”, падчас якога прапаноўваліся пытанні, у якіх былі пазначаны сітуацыі, калі ў час размовы з дзіцем у бацькоў узнікае раздражненне, а затым удзельнікам прапаноўвалася выказаць меркаванні адносна таго, як пераадолець такое раздражненне.

З дапамогай мазгавога штурму мамы адзначалі станоўчыя і адмоўныя рысы, уласцівыя трохгадоваму дзіцяці, падчас якога атрымаўся класічны партрэт дзіцяці ў перыяд крызісу трох гадоў. У выніку групавога абмеркавання з’явіўся агульны пералік праблем, якія заслугоўваюць пільнай увагі. Кожная падгрупа прапанавала шляхі іх прадухілення і пераадолення. Бацькі абмяняліся вопытам.

Завяршыліся заняткі практыкаваннем “Зваротная сувязь”. Бацькі выказаліся аб тым, што даведаліся падчас сустрэчы, ці было для іх гэта карысна. Кожны ўдзельнік клуба “Першыя крокі” атрымаў памятку “Як мець зносіны з дзецьмі ранняга ўзросту”.

Дзіяна БАГДАНОВІЧ,
педагог-псіхолаг Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.