×

Вучымся з QR-кодам

11.07.2019 11:52,

Для сістэмы адукацыі актуальным становіцца лозунг “Сучасны навучэнец — мабільны навучэнец”. Ён павінен мець пастаянны доступ да электронных адукацыйных рэсурсаў і паслуг, у тым ліку ва ўстанове адукацыі, дома, у дарозе. Настаўнікам трэба быць гатовымі да кардынальных змен у арганізацыі педагагічнага працэсу з прымяненнем інфармацыйных камп’ютарных тэхналогій.

Я заўсёды імкнуся напоўніць свае ўрокі такім матэрыялам, які будзе не толькі знешне прывабным для вучня, але і стане стымулам для пазнавальнай актыўнасці і, вядома, дапаможа трываламу засваенню новых ведаў. Тэхнічныя магчымасці нашай школы дазваляюць арганізоў­ваць вучэбныя заняткі з прымяненнем разнастайных электронных адукацыйных рэсурсаў. На ўроках карыстаюся ЭСН “Матэматыка. 2—4 класы”, шматлікімі трэнажорамі, змешчанымі на электронных дадатках да часопіса “Пачатковая школа”, а таксама прапаную вучням заданні, якія складаю з дапамогай сэрвісу Web 2.0 (LearningApps.org). Дарэчы, інтэрактыўныя модулі, што прапануе дадзены сэрвіс, могуць быць непасрэдна ўключаны ў змест навучання. Іх можна змяняць або ствараць у аперацыйным рэжыме. Сэрвіс LearningApps.org з’яўляецца агульнадаступным і бясплатным, таму дае магчымасць любому педагогу карыстацца ім пры падключэнні да інтэрнэту.

Між іншым абсалютная большасць гульнявых пра­ктыкаванняў па вучэбных прадметах для пачатковай школы, якія прапанаваны на e-vedy.adu.by, таксама створаны з дапамогай дадзенага сэрвісу, таму мае вучні ахвотна і паспяхова з імі працуюць. Варта адзначыць зручнасць электронных прадуктаў: пераважная большасць заданняў дазваляе выкарыстоўваць іх у рэжыме рэальнага часу, але частка заданняў па матэматыцы і па прадмеце “Чалавек і свет” прызначана толькі пасля спампоўвання на ПК. Такім чынам, настаўнік не трапляе ў залежнасць ад анлайн-непрыемнасцей (адключэнне электрычнасці, адключэнне інтэрнэту).

Шырокія магчымасці для фарміравання навуковых метадаў пазнання дае выкарыстанне ЭСН “Матэматыка. 2—4 класы”. Уключэнне практыкаванняў і трэнажораў дазваляе настаўніку ілюстраваць вывучаемыя матэматычныя паняцці і спосабы дзеяння, робіць прымяненне сродкаў нагляднасці на ўроку больш зручным і камфортным, павышае цікавасць да ўрокаў матэматыкі за кошт прывабнасці і эстэтычнасці прапанаванага матэрыялу, яго дынамічнага характару.

Так, пры вывучэнні тэмы “Час. Вазначэнне часу з дакладнасцю да мінуты” я выкарыстоўваю трэнажор “Гадзіннік (1)”. Ён дапамагае дзецям навучыцца карыстацца гадзіннікам: вызначаць час і правільна выстаўляць яго на цыферблатным гадзінніку. Для вучняў створаны добрыя ўмовы для самастойнай работы і праверкі правільнасці сваіх дзеянняў.

 Яшчэ больш функцыянальным пры рабоце па да­дзенай тэме з’яўляецца трэнажор “Замак часу”, які размешчаны на мультымедыйным дадатку № 1 (53) да часопіса “Пачатковая школа”. Адна з яго пераваг над папярэднім ЭСН — магчымасць выканання заданняў на беларускай мове. Другая перавага заключаецца ў больш варыятыўным і больш эстэтычным афармленні ўсіх прапанаваных заданняў і ў прыемным гукавым суправаджэнні. Аднак ён па­трабуе ад карыстальнікаў больш умелага і дакладнага валодання камп’ютарнай мышшу і клавіятурай.

Значна павышаюць эфектыўнасць вучэбных заняткаў электронныя адукацыйныя рэсурсы, што прапаноўвае Нацыянальны адукацыйны партал, у прыватнасці, праекты калег, якія сталі пераможцамі конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі настаўнікі нашай школы актыўна выкарыстоўваюць электронныя рэсурсы “Падарожжа ў краіну Геаметрыю”, “Вучымся чытаць”, “Радужный мир”.

Калі ў новых падручніках для вучняў пачатковых класаў з’явіліся першыя заданні з QR-кодамі, здавалася, што мае вясковыя хлопчыкі і дзяўчынкі не змогуць з імі працаваць з-за адсутнасці сучасных тэлефонаў ці планшэтаў. Аднак зараз нам перашкаджае толькі адсутнасць падключэння інтэрнэту на асобных уласных смартфонах малодшых школьнікаў, бо далёка не ўсе бацькі лічаць мэтазгодным даваць дзецям доступ да сусветнай павуціны. А ўстанаўліваць пароль і абмяжоўваць доступ да непажаданых сайтаў і сэрвісаў ці хаця б праглядаць, што шукалі ў інтэрнэце іх дзеці, пераважная большасць баць­коў проста не ўмее. Затое самі школьнікі вельмі хутка арыентуюцца ў такіх прывабных навінках школьных падручнікаў, а, сутыкнуўшыся з QR-кодам па-за школай, ведаюць, як ім можна карыстацца.

Эфектыўнае выкарыстанне ІКТ дазваляе істотна скарачаць часавыя і іншыя выдаткі на падрыхтоўку да ўрока, арганізацыю кантрольна-ацэначнай дзейнасці. Павышаецца нагляднасць, эмацыянальная насычанасць адукацыйнай дзейнасці, матывацыя навучэнцаў, вырашаюцца адукацыйныя задачы, якія немагчыма або немэтазгодна вырашаць без выкарыстання ІКТ. Я пераканана, што ў выразе “Забараніць нельга пасябраваць” у адносінах да выкарыстання сродкаў ІКТ коска павінна быць пастаўлена пасля слова “нельга”.

Ганна МУХА,
настаўніца пачатковых класаў Дубненскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна.