×

Вячоркі, як у першабытным грамадстве

02.07.2019 11:55,

Турысцка-краязнаўчы профільны кругласутачны лагер “Юны археолаг” быў створаны ў 2015 годзе па ініцыятыве дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алы Мікалаеўны Сопікавай сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама. На працягу 4 гадоў лагер з’яўляўся раённым. Гэтым летам было вырашана пашырыць яго геаграфію і запрасіць сюды вучняў з Высокага Брэсцкай вобласці.

 Змена працавала пад дэвізам “Мая малая радзіма запрашае гасцей”, тым больш што ў гэтым годзе лагер размяшчаўся ў сценах Жыровіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна. Нам было што паказаць і пра што расказаць. Акрамя раскопак, якія вяліся пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алега Юр’евіча Ткачова на стаянцы каменнага веку Прусоўшчына-1 у басейне ракі Шчары, праводзіліся сустрэчы з цікавымі людзьмі нашай малой радзімы. Так, пісьменнік, краязнаўца, паэт Сяргей Чыгрын на адным з мерапрыемстваў азнаёміў з новымі кнігамі “Літаратурная Слонімшчына”, “Таямніцы слонімскай зямлі”. Пры наведванні Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра адбылася сустрэча з паэтам-манахам Знічам (Алег Бембель). Таксама гасцямі лагера былі карэспандэнты часопіса “Маладосць” Аксана Ючкавіч, Дзмітрый Шулюк. Дзякуючы ўсім гэтым людзям, мы размаўлялі на нашых сустрэчах толькі на беларускай мове.

Лагер “Юны археолаг” профільны — турыстычна-краязнаўчы, таму ў другой палове дня для дзяцей былі арганізаваны заняткі па турызме (завязванне вузлоў, устаноўка палаткі, упакоўванне рукзака, развучванне турыстычных песень).

Не ведаю, як бы паставіліся ў іншых лагерах да прапановы паслухаць лекцыю, але ў нас вячэрнія лекцыі па гісторыі археалогіі, турыстычных навыках праходзілі на адным дыханні, пры гэтым дзеці задавалі мноства пытанняў. Акрамя таго, праводзіліся спаборніцтвы “Лапта, як у першабытным грамадстве”, “Вячоркі, як у першабытным грамадстве”, у госці прыходзілі студэнты Мінскай духоўнай семінарыі, з якімі быў праведзены  матч па футболе. Дзеці наведалі “Эдэмскі сад”, што належыць Жыровіцкаму манастыру, а ў Дзень Святой Тройцы здзейснілі аднадзённы паход і пабывалі ў храме Казанскай іконы Божай Маці ў Шылавічах, дзе дзяўчынкі спявалі на клірасе, а хлопчыкі прыслужвалі ў алтары.

У адзін з дзён выхаванцы лагера пакаталіся на катамаранах. Таксама кожную раніцу праводзілі працэдуры для загартоўвання, хадзілі акунацца ў манастырскую крыніцу.

Дзякуючы карце “Залатое кола Слонімшчыны” мы змаглі пазнаёміць новых сяброў з цікавымі мясцінамі нашай малой радзімы. Хлопчыкі і дзяўчынкі добра адпачылі і пасябравалі. Для гасцей з Высокага такі лагер быў цалкам новай з’явай у іх жыцці.

Калі казаць пра знаходкі, то ўсяго за 9 дзён было знойдзена больш за 140 артэфактаў, сярод іх — наканечнікі стрэл, скрабкі, кераміка, нуклеусы. Алег Юр’евіч правёў майстар-класы па рабоце з глінай, і дзеці змаглі самі зляпіць некалькі вырабаў. Таксама ён паказаў, як людзі ў першабытным грамадстве апрацоўвалі крэмень.

Сёлета нашаму лагеру “Юны археолаг” споўнілася 5 гадоў. За гэты час тут склаліся свае традыцыі — “Пасвячэнне ў археолагі”, “Міс і містар раскопак” з уручэннем спецыяльных прызоў. Усе гэтыя традыцыі заклаў першы наш навуковы кіраўнік Аляксандр Мікалаевіч Максімовіч, які працаваў у лагеры на працягу 4 гадоў і ў адзін з дзён сё­летняй змены прыехаў у госці, чаму дзеці былі вельмі рады. Змена, як заўсёды, пачалася з набажэнства пад чулым кіраўніцт­вам нашага духоўнага настаўніка — клірыка Спаса-Праабражэнскага сабора Слоніма протаіерэя Сергія Пятліцкага.

Пабывалі ў нас і 2 выпускніцы, якія з першага года работы лагера з’яўляліся яго актыўнымі ўдзельніцамі, — Ніна Марчук і Дар’я Быстрыцкая. У гэтым годзе, дарэчы, кожны быў узнагароджаны сувенірам на памяць пра лагер.

Варта адзначыць, што лагер “Юны археолаг” — гэта частка бесперапыннай работы сістэмы, якая склалася за 5 гадоў. У маі А.Ю.Ткачоў прыязджаў даследаваць месца будучых раскопак і пабываў у сярэдняй школе № 2 Слоніма для таго, каб прачытаць лекцыі па археалогіі. Пасля завяршэння лагернай змены дзеці выязджаюць у Брэст (гэта таксама традыцыя). Сёлета яны наведалі музей “Бярэсце”. Матэрыял, знойдзены на раскопе, ляжа ў аснову навукова-даследчай працы, якой зоймецца хтосьці з выхаванцаў лагера.

Змена ў такім лагеры будзе ўдалай і цікавай, калі будзе каманда аднадумцаў і зацікаўленых людзей. За час існавання лагера тут сфарміраваўся свой творчы калектыў у асобе навуковых кіраўнікоў А.Ю.Ткачова, А.М.Максімовіча, выхавальнікаў А.М.Пырковай, А.П.Валын­чык і нашага новага калегі з Высокага А.М.Кавалевіча.

Ірына РАДЗЕЦКАЯ,
настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Слоніма.