×

Вясёлкавы тыдзень

06.06.2019 15:19,

Прайшоў у Рэплеўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе для вучняў пачатковых класаў.

Кожны дзень тыдня прысвячаўся адпаведнаму колеру вясёлкі і меў дэвіз. Панядзелак: колер настрою — фіялетавы. У гэты дзень вучні 1—4 класаў разам з настаўнікамі выйшлі на дзень здароўя “Разам весела гуляць”.

На стадыёне школы была праведзена спартыўная эстафета, а затым велапрабег па аграгарадку Рэпля. У аўторак колер настрою быў сіні. Вучні паспаборнічалі ў каліграфіі, пабывалі на экскурсіі ў горадзе Гукаград.

Серада блакітная — колер яснага неба, свету і свабоды. Зладзілі акцыю “Яны змагаліся за Радзіму”: успомнілі сваіх прадзедаў, якія змагаліся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, праглядзелі відэафільм аб юных героях-антыфашыстах. Па выніках акцыі дзеці вырашылі напісаць пісьмы-пасланні салдатам Вялікай Айчыннай вайны, дзе выказалі пратэст супраць любой вайны на планеце і глыбокую павагу за наша мірнае “сёння”.

У чацвер зялёны колер вясёлкі запрасіў у краіну Матэматыка, дзе адбыўся турнір “У царстве кемлівасці”. Жоўты — гэта колер аптымізму і радасці, гасціннасці, шчодрасці і камфорту. Таму ў пятніцу адбылася квэст-гульня “Па сцяжынках далёкіх і блізкіх”, якая была прысвечана нашай малой радзіме — Рэплі.

Віртуальная літаратурная гасцёўня адбылася ў суботу. Вучні пазнаёміліся з мясцовымі паэтамі, паслухалі іх вершы, намалявалі малюнкі да твораў пісьменнікаў. Апошні дзень тыдня — нядзеля — чырвоны — колер сямейнага ачага, утульнасці. Разам з бацькамі дзеці рабілі вырабы сваімі рукамі з прыроднага матэрыялу. 

Падвялі вынікі ў панядзелак. Самыя актыўныя і старанныя адзначаны граматамі, медалямі і  невялікімі падарункамі.

Хачу выказаць словы падзякі ўсім вучням пачатковых класаў, іх бацькам і сваім калегам, настаўнікам пачатковых класаў за актыўнасць у правядзенні мерапрыемстваў.

Крысціна БУЛАЙ,
настаўніца пачатковых класаў Рэплеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.