×

Вясёлыя старты

26.03.2020 12:04,

Захаванне традыцый — важная задача для нашай школы, таму чарговы раз педагогі і навучэнцы аб’ядналіся ў каманды, каб высветліць, хто сёлета стане найлепшым у спартландыі “Вясёлыя старты 2020”. Свае дасягненні ўдзельнікі прысвяцілі 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і тым самым далучыліся да абласной акцыі “Памяць. Адзінства. Перамога”.

На старт выйшлі каманда педагогаў “Адвага” і каманда навучэнцаў “Страла”. Тут не важны ўзрост удзельнікаў ці іх фізічная падрыхтоўка, ключавая ўмова — быць прыхільнікам здаровага ладу жыцця і гатовым папоўніць іх рады.

Каманды спаборнічалі ў конкурсах па бегу, скоках, у эстафетах з мячом і абручом, у розных віктарынах. Была магчымасць праявіць сябе інтэлектуальна. Усе этапы “Вясёлых стартаў” праходзілі ў напружанай барацьбе. Балельшчыкі хваляваліся і не забывалі падтрымліваць каманды. Але спорт ёсць спорт! Чарговы раз фартуна ўсміхнулася педагогам.

Удзельнікі спартакіяды атрымалі ганаровыя граматы і прызы. Пасля спаборніцтваў каманды з выдатным зарадам бадзёрасці і станоўчымі эмоцыямі яшчэ доўга абмяркоўвалі сумеснае мерапрыемства.

Як здорава, што ў нас ёсць такое свята! Няхай гэтая традыцыя жыве доўга!

Таццяна КАСПЕРЧЫК,
бібліятэкар Зэльвенскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната Гродзенскай вобласці.