×

Выхоўваем рухальную культуру

26.03.2020 12:00,

На працыгу апошніх некалькіх гадоў Клайшанская базавая школа Воранаўскага раёна ставіць сваёй мэтай выхаванне культуры здаровага ладу жыцця. Менавіта гэта дазволіла ў 2017 годзе прыступіць да рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы”. Дзякуючы ўдзелу ў гэтым праекце наша ўстанова стала асноўным сацыяльным, адукацыйна-культурным, эфектыўна дзеючым цэнтрам мікрараёна па фарміраванні рухальнай культуры і дазволіла прыцягнуць да ўдзелу максімальную колькасць прадстаўнікоў розных груп: педагогаў, школьнікаў, іх бацькоў, суседзяў, сваякоў, работнікаў розных устаноў і арганізацый.

Яшчэ Арыстоцель казаў: “Рух — гэта жыццё”. Звыклымі рухальнымі момантамі для нашых дзяцей з’яўляюцца фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы на працягу вучэбнага дня: зарадка да ўрокаў, актыўныя перапынкі, фізкультхвілінкі падчас заняткаў. У школьным спартыўным клубе “Алімп” укаранілася новая форма працы — дні руху “Падарожжа па відах спорту”. Кожную першую і трэцюю серады месяца члены клуба праводзяць рухомыя і спартыўныя гульні, дынамічныя паўзы для навучэнцаў. З лістапада па сакавік на базе нашай школы ў вячэрні час эфектыўна працавала секцыя “Фітнес” для дарослага насельніцтва мікрараёна. Заняткі ў ёй праводзіліся сумесна з інструктарамі Ліды. Многія жанчыны дзякуючы секцыі палепшылі самаадчуванне, мелі зносіны ў новых нефармальных абставінах.

Дзякуючы інавацыйнаму праекту змянілася планаванне і правядзенне шостага школьнага дня. Кожная апошняя субота месяца атрымала назву “СО-Бытие”, што значыць “Быть СОвместно с другими”. У рамках гэтых субот праводзяцца агульнашкольныя спартыўна-масавыя, культурна-забаўляльныя мерапрыемствы ў цесным партнёрскім тандэме — “школа — сям’я — соцыум”. Каштоўнасць правядзення падобных мерапрыемстваў у тым, што разам з выхаваннем культуры здаровага ладу жыцця закранаюцца іншыя кірункі выхаваўчай работы. Заўсёды выкарыстоўваюцца нацыянальная сімволіка і атрыбутыка, а значыць, акцэнт на ідэалагічным выхаванні. Часта ў мерапрыемствах удзельнічаюць цэлай сям’ёй, што служыць добрым прыкладам для дзяцей.

Фарміраванне рухальнай культуры прадугледжвае не толькі від фізічнага дзеяння, але і духоўнае і разумовае развіццё. Работа цэнтра падтрымкі “Гармонія” не спыняецца. Для ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу праводзяцца кансультацыі, дыскусіі, сустрэчы. Створаны куток здароўя, які напоўнены неабходнымі інструментамі для вымярэння самімі дзецьмі росту, вагі, артэрыяльнага ціску, сілы кісці, ёмістасці лёгкіх. Тут жа ёсць інфармацыйныя бюлетэні на розныя тэмы для самастойнага вывучэння. Побач — шырмы для квілту і скрайбінгу. Квілт дазваляе выказаць сваё меркаванне на зададзенае пытанне, скрайбінг — праілюстраваць па-свойму прапанаваны тэкст або чатырохрадкоўе на веданне асноў здаровага ладу жыцця. Як вынік работы ўзнікла ідэя стварэння групы “Валанцёры ЗЛЖ” з ліку самых актыўных школьнікаў. Яны пачнуць сваю работу ў новым навучальным годзе.

Абавязковай умовай рэалізацыі інавацыйнага праекта з’яўляецца апрабаванне методыкі індывідуалізацыі рухальных рэжымаў. Так, у нас працуе школа руху “Тэмп” з дзвюма групамі для заняткаў у секцыі агульнай фізічнай падрыхтоўкі: кантрольная група (трэніроўкі па звычайнай праграме) і эксперыментальная (трэніроўкі па методыцы індывідуалізацыі рухальных рэжымаў). Сутнасць другой у тым, што кожны робіць фізічныя практыкаванні неабходную колькасць разоў і ў патрэбным тэмпе зыходзячы з уласнага функцыянальнага стану ў дадзены момант. Заняткі праходзяць два разы на тыдзень пад кантролем трэнера. Вынікі работы дзвюх груп мы падвялі дзякуючы “Інфарм-анлайн-бюро”, дзе апрацоўваюцца даныя кантрольна-педагагічных тэстаў. Усё аўтаматычна падлічвае праграма Microsoft Excel, куды мы ўносілі даныя на ўдзельнікаў групы кожную чвэрць. Гэты матэрыял дазваляе эканоміць час на занятках, аператыўна рабіць ацэнку ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці і функцыянальнага стану, захоўваць усе неабходныя даныя для адсочвання дынамікі. У будучыні мы плануем стварыць “Карты індывідуальнага рухальнага рэжыму” з магчымасцю выкарыстання іх анлайн.

Каб прыцягнуць як мага больш людзей да фарміравання рухальнай культуры, працуе “Інфа-піяр-агенцтва”, створаны старонка “Інавацыйная дзейнасць” на школьным сайце, афішы з анонсамі мерапрыемстваў, фотакалажы і відэаролікі па выніках праведзеных сустрэч, зманціраваны відэафільм пра рэалізацыю інавацыйнага праекта. 

Калі паглядзець на сістэму выхаваўчай работы скрозь прызму інавацыйнай дзейнасці, становіцца зразумела, што для сучаснай установы адукацыі інавацыя — гэта новыя формы і падыходы да арганізацыі шостага школьнага дня, гэта актыўная сумесная дзейнасць навучэнцаў, педагогаў, бацькоў і соцыуму, гэта стварэнне прыемных умоў рухальнага асяроддзя для здаровага фізічнага развіцця дзяцей.

Алена МІКША,
дырэктар Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.