×

Выкананне жаданняў

10.01.2020 15:40,

Вось і падыходяць да канца такія доўгачаканыя зімовыя канікулы. Засталіся апошнія дні для выканання жаданняў. Дзе яны могуць ажыццявіцца? Канечне, у школьным аздараўленчым лагеры “Зімовы калейдаскоп” Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.

Хаця гурбаў снегу сёлета не назіралася, але выхавальнікам лагера гэта не зашкодзіла зрабіць апошнія дні непаўторнымі і запамінальнымі. Так, для жадаючых была арганізавана экскурсія ў Бабруйск, а для тых, хто паехаць не змог, запланавалі іншыя мерапрыемствы.

Вучні ўдзельнічалі ў конкурсе на найлепшага дэкламатара вершаў пра зіму. Затым, разбіўшыся на дзве каманды, рыхтавалі інсцэніроўкі беларускіх народных казак пра зіму, малявалі. Пасля перапынку для вучняў была арганізавана спартландыя “Вясёлыя, спрытныя, умелыя”, якая яшчэ больш зарадзіла энергіяй і пазітывам. Не забылі выхаванцы і пра крылатых сяброў. Пасля абеду рэшткі ежы занеслі ў птушыныя кармушкі. Гэта дапаможа птушкам перажыць зіму.

Дзень, як і ўвесь час у лагеры, атрымаўся насычаны і запамінальны. І вельмі хочацца, каб канікулы цягнуліся бясконца.

Алена АМЕЛЬЯНОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.