×

Вывучаем англійскую праз гульню

15.03.2019 10:31,

Вывучаць англійскую мову праз гульню — вельмі цікава. У гэтым пераканаліся першакласнікі сярэдняй школы № 5 Навагрудка на дадатковых занятках па прадмеце.

Малодшым школьнікам вывучэнне замежнай мовы даецца не заўсёды лёгка. Некаторыя перажываюць няўдачу і страчваюць цікавасць да навучання. І перад настаўнікам пры падрыхтоўцы да ўрокаў заўсёды паўстае пытанне: якім чынам зрабіць заняткі цікавымі і пазнавальнымі? Адказ адзін: праз гульню. Любога настаўніка замежнай мовы не трэба пераконваць у тым, што гульня — гэта добры стымул да авалодвання мовай.

У нашай школе настаўнікі замежнай мовы ўвесь час ладзяць гульні разам з дзецьмі і іх бацькамі. Гульні прыдумваюць навучэнцы, а дэкарацыі і вобразы ствараюць бацькі. І менавіта ў такім супрацоўніцтве ў выхаванцах раскрываецца творчы патэнцыял, развіваецца навык зносін, эфектыўна адпрацоўваецца моўны матэрыял.

Дзеці з задавальненнем спяваюць песні, паказваюць казкі і адначасова вывучаюць новыя словы і граматычныя канструкцыі ў рамках зададзенай тэмы.

Непрыкметна для першакласнікаў заканчваецца першы навучальны год. Аднак ужо цяпер навучэнцы з нецярпеннем рыхтуюцца паказаць свае ўменні і майстэрства валодання замежнай мовай бацькам, настаўнікам і сябрам на свяце “Развітанне з Букваром”. Хлопчыкі і дзяўчынкі падрыхтавалі інсцэніроўку казкі “Рэпка” і развучылі песню “Finger family” з выкарыстаннем пальчыкавых лялек. А яшчэ гасцей павінна здзівіць нестандартнае выкананне песні “Old McDonald”.

Алена ГОРСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 5 Навагрудка.