×

Я ганаруся сваім горадам

20.08.2019 10:58,

Лета — гэта сонца, радасць і доўгачаканыя канікулы. А для школьнікаў лета — гэта яшчэ і “маленькае жыццё”, якое трэба не проста правесці весела, атрымаўшы зарад добрага настрою і аптымізму на ўвесь год, але і з карысцю. Менавіта за гэтым падчас летніх канікул прыходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі ў клубы па інтарэсах сярэдняй школы № 5 Навагрудка.

У пачатку жніўня вучні 7—8 класаў з задавальненнем наведвалі клуб патрыятычнай накіраванасці “Я ганаруся сваім горадам”. Мерапрыемствы клуба былі прысвечаны гораду Навагрудку, які ў верасні рыхтуецца адзначыць сваё 975-годдзе.

На працягу тыдня ўдзельнікі клуба адкрывалі для сябе новыя старонкі гісторыі горада. Не сакрэт, што турысты наведваюць наш горад з асаблівай цікавасцю: у Навагрудку ёсць што паглядзець. Таму вучням было прапанавана скласці візітоўку турыстычнага маршруту “Падарожжа ў першую сталіцу ВКЛ”. Візітоўка атрымалася цікавай і змяшчала ў сябе разнастайную інфармацыю пра славутасці горада.

Постаць Адама Міцкевіча ў гісторыі Навагрудка займае асаблівае месца. Вучні звярнуліся да біяграфіі і творчасці нашага славутага земляка і саставілі прэзентацыю “Па слядах Адама Міцкевіча”. Свае творчыя матэрыялы ўдзельнікі клуба ахвотна падарылі выхаванцам школьнага аздараўленчага лагера “Гарачыя сэрцы”.

Сапраўды, нам пашчасціла жыць ва ўнікальным горадзе, дзе арганічна суседнічаюць рэчаіснасць і далёкая гісторыя. У гэтым чарговы раз пераканаліся актыўныя ўдзельнікі клуба.

Час, праведзены ў школьным патрыятычным клубе, запомніцца юнакам і дзяўчатам надоўга. Бо яны мелі выдатную магчымасць адкрыць для сябе новыя таямніцы славутага горада Навагрудка.

Наталля ЛІС,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Навагрудка.