×

Яркія ўражанні ад летняга адпачынку

08.07.2019 12:28,

Летнія канікулы — час адкрыццяў і новых уражанняў, якія застаюцца ў памяці на ўсё жыццё.

Перад большасцю бацькоў паўстае пытанне, як лепш арганізаваць летні адпачынак дзяцей. Аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Сузор’е”, які працаваў у  Бобравіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, стаў для многіх выйсцем са становішча.

З першых дзён змены, якая пачалася 11 чэрвеня і прадаўжалася да 1 ліпеня, 25 дапытлівых хлопчыкаў і дзяўчынак уключыліся ў гульню “Запалі сваю зорку”. Здзяйсняючы віртуальнае падарожжа, выхаванцы адкрывалі кожны дзень новую планету: Спартыўную, Інтэлектуальную, Памяці, Ветлівасці… 18 планет — па колькасці дзён лагернай змены. Дасягненні падарожнікаў ацэньваліся зоркамі, якія дзеці складвалі ў зорныя кашалькі, змайстраваныя сваімі рукамі ў першы дзень змены.

 Кожны дзень праводзіліся мерапрыемствы рознай тэматычнай накіраванасці: Год малой радзімы, ІІ Еўрапейскія гульні, 75-годдзе вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзе Гродзенскай вобласці, 50-годдзе са дня заснавання лагера “Зубраня”.  Былі арганізаваны сустрэчы з прадстаўніком МНС, супрацоўнікам ДАІ, медработнікамі, ад якіх выхаванцы даведаліся многа новага і карыснага. Дзеці наведалі школьны этнаграфічны музей “Мова, культура і быт беларусаў”. З задавальненнем прайшліся па вуліцах нашага аграгарадка, пабывалі ў парку з векавымі дрэвамі каля руінаў маёнтка Корвін-Мілеўскіх, у касцёле, якому больш за сто гадоў і які здзіўляе вяскоўцаў і гасцей сваімі архітэктурнымі формамі.

Вельмі карысным і пазнавальным было наведванне іміджавага пакоя МНС “Чароўная кніга” ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Іўя. Выхаванцам нагадалі і паказалі, як правільна дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях.

Прыемныя ўражанні засталіся ад экскурсіі ў Ліду. Дзеці ўбачылі Курган Бессмяротнасці — унікальны помнік салдатам Другой сусветнай вайны, пабывалі ў кінатэатры “Юбілейны”.

Адзін  з любімых конкурсаў, якія традыцыйна ладзяцца ў лагеры, — “Міс лагера”. Дзяўчынкі старанна рыхтаваліся да гэтага дня. У фінале тых, хто прайграў, не было: кожную канкурсантку адзначылі ў якой-небудзь намінацыі.

Шмат станоўчых эмоцый выклікала ў выхаванцаў ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”. За званне найлепшай змагаліся каманды “Снайпераў” і “Мінамётчыкаў”. Дзеці праявілі спрыт і спартыўную падрыхтоўку. Гульня згуртавала  калектыў, зрабіла яго дружным і стойкім.

Выхаванцы мелі магчымасць наведваць гурток “Чароўныя сцяжкі”, дзе  вучыліся праводзіць вольны час не только цікава, але і карысна.       

У канцы змены самыя актыўныя, творчыя, дысцыплінаваныя былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі. Развітваліся крыху сумныя, але ў той жа час вельмі задаволеныя. Яркія ўражанні захаваюцца ў іх памяці надоўга.

Наталля СТАНКЕВІЧ,
старшы выхавальнік аздараўленчага лагера “Сузор’е” Бобравіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.