×

З новымі планамі і ідэямі

07.09.2019 14:36,

ў навучальны год рыхтуецца ўступіць калектыў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі

Час не стаіць на месцы, і кожны новы дзень дыктуе свае па­трабаванні. Ісці ў нагу са зменлівым часам і нават з апярэджаннем патрабуе сфера адукацыі, асабліва дадатковай. Таму наша мнагапрофільная ўстанова адукацыі ўвесь час знаходзіцца ў развіцці. Тут нараджаюцца ідэі і рэалізоўваюцца праекты па стварэнні ўмоў для матывацыі асобы да пазнання, творчасці, самарэалізацыі.

Лёгка ажыццяўляць ідэі, якія знаходзяць падтрымку. Такую падтрымку мы знаходзім у старшыні Шчучынскага райвыканкама Сяргея Васільевіча Ложачкіна. Дасягненні і поспех выхаванцаў Клуба спартыўных адзінаборстваў летась падтрыманы райвыканкамам: для заняткаў набыты рынг і байцоўскі дыван, што стварыла дадатковыя магчымасці для арганізацыі спартыўных мера­прыемстваў і спрыяла дэманстрацыі спартыўнага майстэрства навучэнцаў. Падтрымка райвыканкама дазволіла развіваць у нашым гора­дзе такі захапляльны від спорту, як веславанне. Мінулай вясной на возера, якое знаходзіцца побач з палацам, спусцілі байдаркі і адкрылі аб’яднанне па інтарэсах “Веславанне на байдарках і каноэ”. На працягу года хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі асвойвалі азы веславання, для іх было арганізавана навучанне плаванню. Наперадзе — сезон спартыўных баталій.

Летась ва ўстанове рэалізавана ідэя адкрыцця Цэнтра дзіцячай бяспекі “ПлЮС”, дзе сумесна з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях арганізавана навучанне асновам бяспекі на вадзе, у лесе, пры надзвычайных сітуацыях. Цэнтр актыўна наведваюць навучэнцы палаца, дашкольнікі і малодшыя  школьнікі ўстаноў адукацыі раёна.

А вось пераадолець унутраныя канфлікты, эмацыянальныя праблемы ў бяспечным асяроддзі мож на будзе ў Цэнтры пясочнай тэрапіі. Упэўнена, пясочная тэрапія — шанс навучэнцам рэалізаваць свае творчыя памкненні, заявіць аб сабе свету — будзе запатрабавана як у падлеткаў, так і ў самых маленькіх выхаванцаў Школы ранняга развіцця.

Ад ідэі да яе рэалізацыі часам трэба зусім няшмат часу. Галоўнае — каб гэта аб’яднала аднадумцаў. Менавіта такі пачатак гісторыі стварэння фітабара як новай формы арганізацыі аздараўлення і фарміравання навыкаў здаровага ладу жыцця ў нашай установе. Ідэя, якая належыць творчай групе педагогаў і навучэнцаў, падтрымана бацькамі і спонсарамі. Мастакі аформілі памяшканне, майстры па дрэве шчыравалі над вырабам сталоў для чайнай цырымоніі, ішла актыўная работа па зборы лекавых траў. Стварэнне фітабара — гэта і працяг расліна­водчых традыцый Шчучыншчыны, традыцый лекараў-піяраў канца XVIII стагоддзя, якія пад кіраўніцтвам прафесара батанікі Станіслава Баніфацыя Юндзіла стварылі ў Шчучыне батанічны сад і сад лекавых траў.

Вывучэнню гісторыі рэгіёна спрыяе і рэалізацыя праекта “Гартаючы старонкі гісторыі Шчучыншчыны”, вынікам якога стала адкрыццё музейнага пакоя. І гэта невыпадкова, бо ўстанова месціцца ў палацы князёў Друцкіх-Любецкіх, помніку архітэктуры XIX стагоддзя. Старанная сумесная даследчая і пошукавая работа дзяцей і дарослых па зборы матэрыялу, яго апрацоўцы не спынялася. 2019-ы — Год малой радзімы — плануем завяршыць адкрыццём музея гісторыі Шчучыншчыны.

Упэўнена, распрацоўка стратэгіі развіцця ўстановы, прыняцце аптымальных  рашэнняў, каманда прафесіяналаў-аднадумцаў дае магчымасць забяспечыць інавацыйнае, устойлівае развіцце ўстановы адукацыі і высокія вынікі. Па выніках навучальнага года ўстанова прызнана найлепшай сярод мнагапрофільных устаноў дадатковай адукацыі Гродзенскай вобласці. Наш поспех — гэта вынік працы каманды прафесіяналаў, а поспех становіцца стымулам для далейшага развіцця.

Ірына ДЗЕГЦЯРОВА,
дырэктар Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.