×

Забег лямпачак

06.07.2019 12:10,

У межах Еўрапейскага тыдня ўстойлівага развіцця ў яслях-садзе № 3 Ашмян, які з’яўляецца пілотным аб’ектам праекта “Укараненне мерапрыемстваў па энергаэфектыўнасці з мэтай устойлівага энергетычнага развіцця Ашмянскага раёна Беларусі”, прайшоў “Забег лямпачак”. У забегу прымалі ўдзел не толькі выхаванцы дашкольнай установы, але і спартыўныя і таленавітыя педагогі.

Сюжэтная лінія свята ўяўляла сабой “чытанне” старонак раённай газеты “Ашмянскі веснік”. Першымі на старт выйшлі самыя маленькія ўдзельнікі — выхаванцы 1-й малодшай групы. Прабегшы дыстанцыю ў 20 метраў, яны паведамілі, што на першай старонцы было напісана пра неабходнасць устаноўкі лічыльнікаў для эканоміі вады і святла.

Сакрэт наступнай старонкі раскрылі выхаванцы 2-й малодшай групы. Усім прысутным яны далі параду аб замене звычайных лямпачак на энергазберагальныя.

Дзяўчынкі і хлопчыкі сярэдніх груп, скарыўшы сваю дыстанцыю, падзяліліся інфармацыяй пра важнасць замены вокнаў і ўцяплення сцен. Фінішаваўшы, выпускнікі дзіцячага сада расказалі пра тое, як на працягу года працавалі ў “Энергапатрулі”.

Віктарыны і конкурсы, якія праводзіліся падчас свята, былі не толькі спартыўныя, але і пазнавальныя: дзеці сартавалі смецце па кантэйнерах, ажыццявілі замену звычайных лямпачак на энергазберагальныя.

Забег педагогаў суправаджаўся бурнымі апладысментамі дзяцей. Кожны, пляскаючы ў далоні і выкрыкваючы імя свайго выхавальніка, імкнуўся дапамагчы яму першым дасягнуць лініі фінішу.

На апошняй старонцы газеты, вядома ж, была інфармацыя аб ўзнагароджанні. Кожны ўдзельнік забегу атрымаў грамату, флікер з лагатыпам праекта і пачастункі.

Можна з упэўненасцю сказаць, што гэтае мерапрыемства аб’яднала дзяцей і педагогаў, якія ведаюць, умеюць і могуць навучыць беражліва ставіцца да рэсурсаў Зямлі і эканоміць энергарэсурсы.

Вольга ДЗЯТЛОВІЧ.