×

Захапляльныя піліпаўскія вечары

09.01.2020 12:32,

Важным кірункам ідэалагічнага выхавання з’яўляецца дзіцяча-юнацкі турызм. У гэтым навучальным годзе экскурсійная дзейнасць у Пагародзенскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна актывізавалася. Вучні заўсёды з радасцю прымаюць удзел у экскурсіях у Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры. Можа, таму, што там па-дамашняму цёпла і ўтульна, надзвычай цікава і пазнавальна. Гэтым разам такая магчымасць выпала вучням 6—11 класаў. Арганізатарам, як заўсёды, была настаўніца гісторыі Ганна Уладзіславаўна Юшко.

Запрасілі нас на фальклорна-абрадавую праграму “Піліпаўскія вечары”. Вучні акунуліся ў атмасферу піліпаўскіх вечароў і даведаліся, як дзяўчаты і хлопцы раней праводзілі вячэрні час. Сённяшнім дзецям было дзіўна, што дзяўчаты збіраліся ў адной з хатаў. Прыносілі з сабой хто прасніцу, хто калаўрот, хто рукадзелле. Пад жарты, спевы, цікавыя гісторыі праліся ніткі, нешта вязалася, ткаліся дываны. Праз нейкі час абавязкова прыходзіла і група хлопцаў з гармонікам. Хлопцы падсядалі да дзяўчат, весялілі іх, жартавалі. У нейкі момант усе падхопліваліся і кружыліся ў танцы, гулялі ў “Пярсцёнак”, “Явар”, “Рэпу”. Вельмі добра, што нашы вучні былі не проста пасіўнымі сузіральнікамі ўсяго гэтага, але і актыўнымі ўдзельнікамі. Ну, а кракавяк дзеці танчылі хоць і ўпершыню, але з задавальненнем.

Шкада, што вечарыны як форма правядзення вольнага часу цяпер не так папулярныя. Але ў той дзень у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры было ярка, весела, з агеньчыкам. Пасля мерапрыемстваў такога кшталту верыцца, што ў вучняў актывізуецца цікавасць да мінуўшчыны, бо з’яўляецца магчымасць дакрануцца да каранёў, што сілкуюць нашу нацыю.

Ганна ПРЭПЛЯСКА,
настаўніца пачатковых класаў Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.