×

Здароўе трэба захоўваць

11.06.2019 11:22,

Педагогі і выхаванцы Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прынялі ўдзел у абласной акцыі “Кожны цвёрда павінен ведаць: здароўе трэба захоўваць!”.

Праблема фарміравання здаровага ладу жыцця і ўмацавання здароўя вучняў становіцца адным з прыярытэтных напрамкаў выхаваўчай сістэмы сучасных устаноў дадатковай адукацыі.

Людзі ўсвядомілі, што псіхічнае здароўе не менш важнае, чым фізічнае. А ў яго падтрыманні вялікую ролю адыгрываюць заняткі творчасцю. Любая творчасць з’яўляецца працэсам духоўным, пераўтваральным для чалавека.

У Навагрудскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі любое дзіця можа знайсці сабе занятак, які прыйдзецца даспадобы. У дзяцей развіваецца дробная маторыка, фарміруецца ўспрыманне кампазіцыі, інтэлектуальны і пачуццёвы пачатак, адбываецца гарманізацыя асобы, дзеці  становяцца больш цярплівымі, уседлівымі, акуратнымі. Ва ўстанове сістэматычна праводзіцца работа па фарміраванні і выхаванні культуры здаровага ладу жыцця. Хлопцы і дзяўчаты маюць магчы­масць падчас дынамічных перапынкаў пагуляць у настольны тэніс, а ў спартзале іх чакаюць разнастайныя рухавыя гульні і вясёлыя конкурсы, якія ёсць у скарбонцы кожнага педагога.

Не менш важнае значэнне надаецца арганізацыі мерапрыемстваў па прафілактыцы і барацьбе са шкоднымі звычкамі, працуе клуб для падлеткаў “Курс”. На працягу года навучэнцы наведваюць фітабар, дзе можна паспрабаваць смачны і карысны чай.

Апошні тыдзень мая ў Цэнтры творчасці прайшоў пад дэвізам “Кожны цвёрда павінен ведаць: здароўе трэба захоў­ваць!”. Падчас дынамічных перапынкаў “Са спортам сябра­ваць — здаровым быць” педагогі чарговы раз нагадалі дзецям, што рух — гэта жыццё.

Цікавым атрымаўся калаж “Малюем здароўе”, які складаецца з залатых правіл ЗЛЖ. Выхаванцы цэнтра ўпэўнены, што, выконваючы іх, можна доўга заставацца маладымі і здаровымі.

На пасяджэнні клуба “Курс” падлеткі сустрэліся з валеолагам Навагрудскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Н.Жураўскай, развеялі міфы пра курэнне, атрымалі кампетэнтныя адказы на ўсе хвалюючыя пытанні, якія тычацца тытунёвай залежнасці. Нотку пазітыву ў мерапрыемства ўнеслі маленькія “эксперты”, навучэнцы 4-х класаў гімназіі № 1 Навагрудка, якія выказалі сваё меркаванне адносна дадзенай праблемы. Падчас інтэрактыўнай акцыі на вуліцах горада “Курыць немодна” дзеці паспяшаліся падзяліцца атрыманымі ведамі з жыхарамі Навагрудка.

Таццяна САЗАНОВІЧ,
педагог-арганізатар Навагрудскага раённага ЦТДіМ.