×

“Здаровыя зубы — кожнаму любы”

21.03.2020 14:21,

Менавіта так гучыць тэма даследчай працы навучэнцаў 2 В класа сярэдняй школы № 5 Смаргоні. Вучні даўно шукалі адказы на пытанні, чаму псуюцца зубы, што рабіць, каб яны ніколі не балелі, а ўсмешка надоўга заставалася прыгожай. Знайсці неабходную інфармацыю імкнуліся ў кнігах, інтэрнэце, гутарылі з дарослымі, праводзілі доследы, але дакладных адказаў атрымаць так і не змаглі. Таму другакласнікі запрасілі да сябе на сустрэчу ўрача-стаматолага.

Загадзя падрыхтавалі пытанні, і падчас сустрэчы змаглі атрымаць ад стаматолага поўныя адказы. Другакласнікаў цікавіла, з чаго робяць пломбы, як трымаюцца брэкеты на зубах, калі вырастае зуб мудрасці, чаму бывае карыес. Самым нечаканым для доктара і ў той жа час важным для дзяцей аказалася пытанне аб тым, чаму пасля лячэння зуба можа апухнуць дзясна.

Доктар не толькі расказала, як трэба выбіраць зубную шчотку або пасту, як правільна харчавацца, каб захаваць зубы здаровымі, але і паказала, як правільна чысціць зубы. Цікавым для вучняў стала практычнае заданне: прадэманстраваць, як яны навучыліся правільна чысціць зубы. З гэтым маленькім іспытам школьнікі справіліся на “выдатна”.

Гэтай інфармацыяй другакласнікі падзяліліся з іншымі навучэнцамі. Яны падрыхтавалі інфармацыйныя хвілінкі “Беражы ўсмешку з дзяцінства”.

Аксана КАВЯКА,
настаўніца пачатковых
класаў сярэдняй школы № 5 Смаргоні.