×

Жывём бяспечна

10.09.2019 14:51,

Мы выбіраем жыццё! Так заявілі вучні сярэдняй школы № 3 імя В.Усава Гродна, прыступіўшы да рэалізацыі праекта Дзяцінства без небяспек ў рамках рэспубліканскага дня бяспекі.

Свята адкрылі ратавальнікі-пажарныя пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 7, якія прадэманстравалі магчымасці свайго аддзялення і падарылі ўсім жадаючым магчымасць астудзіцца пад асвяжальным душам. Па ўласнай ініцыятыве адзінаццацікласнікі правялі для вучняў 1 класаў экскурсію па школе пад назвай “Тэрыторыя бяспекі”, у ходзе якой у гульнявой форме тыя былі азнаёмлены з правіламі бяспечных паводзін у школе і атрымалі ў падарунак памяткі “Жывём бяспечна”.

Вучні 2—4 класаў здзейснілі займальнае мультпадарожжа па краіне бяспекі і з задавальненнем узялі ў рукі каляровыя крэйды, каб стварыць на асфальце карту “Бяспечны свет вакол нас”. Каманды 5—7 класаў прынялі актыўны ўдзел у квест-гульні “Формула бяспечнага дзяцінства”. Ідучы да запаветнага прыза ад станцыі да станцыі, адказваючы на пытанні, выконваючы заданні, разгадваючы тайны, вучні замацоўвалі і паглыблялі веды аб бяспечных паводзінах у школе і па-за школай. І формула была выведзена: разумны знойдзе выйсце з экстрэмальнай сітуацыі, а падрыхтаваны не створыць яе!

Старшакласнікі прынялі ўдзел у спаборніцтвах па міні-футболе і спартыўнай эстафеце, давёўшы, што спартыўная падрыхтоўка, трываласць і кемлівасць — самыя верныя памочнікі ў жыцці чалавека.

Завяршыла свята кіналагічная група пагранічнай заставы імя В.Усава, якая з’яўляецца частым госцем у нашай школе. Кінолагі падарылі ўсім удзельнікам свята сустрэчы з сабакам Нілам, прадэманстраваўшы яго майстэрства і вывучку.

Алена ЕРМАШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце,
Святлана ДАВЫДЗІК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 імя В.Усава Гродна.