×

Зялёная хваля

21.03.2020 15:48,

У сярэдняй школе аграгарадка Пагранічны дадзены пачатак экалагічнаму марафрону “Зялёная хваля”, які працягнецца да 27 красавіка. Экамарафон прымеркаваны да Года малой радзімы і прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Стартавым мерапрыемствам стала валанцёрская акцыя “Пасадзі сваё дрэва: зрабі малую радзіму чысцей”, у якой прынялі ўдзел навучэнцы, педагогі і работнікі школы. Усе разумеюць, што азеляненне планеты – вельмі важная справа, а само дрэва – сімвал міру, напамін пра крохкасць прыроды і неабходнасць яе абароны.

Дзякуючы сонечнаму і цёпламу надвор’ю ўдзельнікі акцыі не толькі ўнеслі свой уклад у паляпшэнне экалогіі малой радзімы, але і адпачылі на свежым паветры, атрымалі зарад бадзёрасці.

Праца па пасадцы лесу працягнецца і далей, але ўжо ў межах рэспубліканскага “Тыдня лесу”, які пройдзе ў Беларусі з 28 сакавіка па 4 красавіка.

У ходзе экамарафону ў нашай установе адукацыі запланавана шмат мерапрыемстваў. Так, напрыклад, у красавіку валанцёры адправяцца ў экалагічны патруль “Чысты лес пачынаецца з цябе”, навучэнцаў 1–11 класаў чакае конкурс экалагічнай моды “Экабум–2020”.

Таццяна ПАЛАНЕЙЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.