×

Зялёная зорка настрою

09.09.2019 15:33,

Лагер “Крутыя перцы” з дзённым знаходжаннем дзяцей быў арганізаваны ў Мілевіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Мастоўскага раёна. У ім адпачывалі 30 дзяцей ва ўзросце ад 7 да 15 гадоў.

Быў распрацаваны праект летняга лагера культурна-адпачынкавай накіраванасці “Шукальнікі прыгод”. Асноўная ідэя яго — раскрыццё творчых здольнасцей дзяцей, стварэнне ўмоў для іх самарэалізацыі.

Для паспяховага правядзення праекта была прыдумана гульнявая ідэя змены. У далёкія-далёкія часы ў космасе, на чароўных і фантастычных планетах (Сустрэч, Вясёлых касманаўтаў, Казак, Падарожжаў, Геніяў, Скарбашукальнікаў, Патрыётаў і інш.) пасяліліся такія ж дзеці, як і дзеці ХХІ стагоддзя, — адважныя і цікаўныя. Кожнае дзіця займалася сваёй любімай справай: малявала з дапамогай “касмічнага пылу”, плёскалася ў Млечным шляху, будавала зорныя замкі, здзяйсняла падарожжа на Месяц, пасылала на Зямлю зорны дождж.

Аднойчы да іх у госці прыйшлі касмічныя піраты. Ім вельмі спадабаліся фантастычныя планеты. Спадабалася, як дзеці праводзяць свой вольны час. Піраты вельмі часта наведвалі гасцінных дзяцей, але аднойчы, прыйшоўшы ў госці, засталіся назаўсёды. Спачатку ўсе жылі дружна: гулялі, дапамагалі адно аднаму, увасаблялі ў жыццё новыя ідэі і задумы. Але аднойчы піраты завалодалі ўсімі планетамі. Даведаўшыся аб тым, што ў Мілевічах пачне работу лагер “Крутыя перцы”, жыхары космасу вырашылі папрасіць вызваліць іх планеты ад піратаў.

І тады адважныя і цікаўныя шукальнікі прыгод адправіліся ў падарожжа ў далёкія землі. Яны падзяліліся на атрады “Марсіяне” і “Зоркі Галактыкі” і займальна падарожнічалі 18 дзён. Кожны дзень змены быў прысвечаны адкрыццю адной з планет. А дапамагалі дзецям у гэтым бортправаднікі і дыспетчары — выхавальнікі лагера, штурман — намеснік дырэктара лагера, капітан — дырэктар, касмакокі — работнікі харчблока. Усе члены касмічнага карабля, ад капітана да касманаўта, павінны былі выконваць законы і запаветы лагера: законы дакладнага часу, дабрыні, прыстойнасці, дружбы, бяспекі, узаемадапамогі. Выкананне ўсіх законаў і запаветаў павінна было зрабіць жыццё ў лагеры цікавым і насычаным.

Кожны выхаванец атрымаў пасведчанне касманаўта, якое дало яму права штодня атрымліваць стыкер “Круты перац” за актыўны ўдзел у жыцці экіпажа і карабля. Самым актыўным касманаўтам стаў Максім Боцька, які сабраў 24 стыкеры. На 2-ім месцы апынулася Наста Снітко з 20 стыкерамі, на 3-ім — Мікіта Дзябёла, які назапасіў 17 стыкераў. А ў цэлым, усе дзеці — вялікія малайцы! Нехта праявіў сябе больш у акцёрскім майстэрстве, хтосьці ў працоўнай дзейнасці, а хтосьці паказаў спартыўнае майстэрства і спрыт.

Шмат яшчэ цікавых мерапрыемстваў было праведзена ў лагеры: інтэлектуальная гульня “Што? Дзе? Калі?”, прымеркаваная да 75-годдзя Гродзенскай вобласці, віртуальнае падарожжа па Беларусі, прысвечанае Году малой радзімы, віртуальная экскурсія ў дзіцячы аздараўленчы лагер “Зубраня” і многае іншае.

У лагеры кожны атрад вёў свой “Экран настрою”. З яго дапамогай можна было назіраць за настроем дзяцей штодня, аналізаваць прычыны яго змены. Зялёная зорка — “выдатны дзень”, аранжавая — “добры”, чырвоная — “дзень як дзень”. Мяркуючы па колькасці зялёных зорак, можна зрабіць выснову, што дні, праведзеныя ў лагеры, былі яркімі, цікавымі і запамінальнымі.

Алена РУСАК,
намеснік дырэктара выхаваўча-аздараўленчай установы “Крутыя перцы” Мілевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна.