×

18 незабыўных дзён

25.07.2019 11:20,

Адпачыць і развіць свае творчыя здольнасці — такую магчымасць сваім навучэнцам далі ў сярэдняй школе № 31 Магілёва.

На працягу 18 летніх дзён тут дзейнічаў аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Сонейка”. Яго асаблівасць — мастацкі профіль або скіраванасць на развіццё творчага патэнцыялу дзяцей.

— Наш педагагічны калектыў штогод стараецца арганізаваць для вучняў незвычайны і незабыўны адпачынак. Адной з найбольш зручных форм арганізацыі вольнага часу мы вызначылі аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем. У такіх умовах дзеці адчуваюць сябе лёгка і камфортна, іх адаптацыя да новай дзейнасці праходзіць хутка, бо побач з імі — любімыя педагогі, а пасля актыўнай праграмы можна адпачыць дома, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце К.С.Біліеўская.

Амаль тры тыдні больш за 100 навучэнцаў школы павышалі ўзровень сваіх ведаў і ўменняў у выяўленчым мастацтве, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, музыцы, харэаграфіі, тэатральнай дзейнасці. У працэсе рэалізацыі праграмы лагера мастацкага профілю працавалі 6 своеасаблівых хобі-цэнтраў: “Вясёлыя ноткі”, “Мастацкае слова”, “Ачумелыя ручкі”, “Пэн­дзлікі”, “У рытме”, “Тэатральная дзейнасць”.

— Кожны хобі-цэнтр функцыянаваў па сваім плане. Так, у “Вясёлых нотках” вялася вакальна-пастановачная работа з дзецьмі, развіваўся іх музычны кругагляд. Хобі-цэнтр “Мастацкае слова” працаваў над фарміраваннем у вучняў выразнага чытання, сцэнічнай культуры. Уся мастацка-творчая дзейнасць арганізоўвалася праз розныя формы: конкурсныя і гульнявыя праграмы, канцэрты, фестывалі, святы, выставы, — адзначыла К.С.Біліеўская.

Паводле яе слоў, на працягу аздараўленчай змены было арганізавана супрацоўніцтва з Магілёўскім драматычным тэатрам, абласным тэатрам лялек, кінатэатрам “Радзіма”, абласным Цэнтрам творчасці, Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі “Агат”, гарадской бібліятэкай імя М.Ю.Лермантава.

Кожны дзень у лагеры “Сонейка” стаў для навучэнцаў яркім і запамінальным. Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі набылі новыя веды і ўменні, але і змаглі прадэманстраваць свае таленты. А самае галоўнае — дзеці выдатна адпачылі, набраліся сіл і бадзёрасці для новых здзяйсненняў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена 
ўстановай адукацыі.