×

55 гадоў і амаль 4 тысячы выпускнікоў

05.02.2020 16:39,
Грудзінаўскі вучэбна-педагагічны комплекс адзначыў юбілейную дату — 55 гадоў

Напярэдадні святкавання юбілею наша школа шырока расчыніла дзверы для выпускнікоў розных пакаленняў. Разам з педагогамі, ветэранамі педагагічнай працы, выпускнікамі і навучэнцамі школы, ганаровымі гасцямі быў зноў пройдзены шлях даўжынёю ў 55 гадоў.

Больш чым 200 чалавек прысутнічала на ўрачыстай вечарыне, сустрэчы выпускнікоў. Кожны ў зале адчуваў сваё дачыненне да гісторыі школы. У сяброўскай атмасферы ўшаноўвалі настаўнікаў і выпускнікоў розных гадоў, уручалі кветкі і падарункі, выказвалі віншаванні. У фае была падрыхтавана выстава з фотаздымкамі выпускнікоў з 1966 па 2019 гады.

У гэтую знамянальную для школы дату ўспаміналі пра ветэранаў педагагічнай працы, якія прысвяцілі сваё жыццё нашай установе. Каля вытокаў слаўнай гісторыі нашай школы стаялі і доўгія гады дзялілі з намі ўсе святы і будні Алія Піліпаўна Маханькова, Ганна Іванаўна Дубоўская, Ніна Мікалаеўна Панамарова, Галіна Яфімаўна Башарымава, Людміла Фамінічна Мікуліч, Тамара Канстанцінаўна Дзергачова, Валянціна Сцяпанаўна Ступакова, Кацярына Іванаўна Раманоўская, Ганна Васільеўна Краўцова, Надзея Васільеўна Кандылева, Вера Васільеўна Селіверстава, Антаніна Анатольеўна Ліцецкая, Галіна Рыгораўна Цярскіх, Галіна Аляксандраўна Шаблоўская, Тамара Іванаўна Зайцава, Надзея Яраславаўна Цумарава. 

За 55 гадоў наша школа выдала 1887 атэстатаў аб сярэдняй адукацыі і 2047 пасведчанняў аб базавай адукацыі.

 

Раіса СЕЛІВЕРСТАВА,
педагог-арганізатар Грудзінаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу.