×

Аб’яднаў турзлёт

26.09.2019 11:12,

Педагагічныя калектывы ўстаноў адукацыі Бабруйска надоечы аб’яднаў традыцыйны турыстычны злёт.

Як паведаміла старшыня гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Р.У.Краўцова, у спартыўным свяце прынялі ўдзел 33 каманды, ці каля 500 актыўных педагогаў.

— Улічваючы вялікую колькасць удзельнікаў, лепшых мы вызначалі ў дзвюх групах. У першай спаборнічалі прадстаўнікі навучальных устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, у другой — работнікі дашкольнай і спецыяльнай адукацыі. На працягу трох дзён педагогі спаборнічалі ў разнастайных спартыўных і творчых конкурсах, — расказала Р.У.Краўцова.

Свае творчыя таленты і фізічную падрыхтоўку настаўнікі дэманстравалі ў спартыўным арыентаванні, пераадоленні турыстычнай паласы перашкод, конкурсе самапрадстаўлення. Лепшых выяўлялі таксама ў конкурсах “Турыстычная газета”, “Побыт турыста”, “Турыстычная кухня”. Адной з самых яркіх на эмоцыі стала турыстычная эстафета, удзел у якой прымалі кіраўнікі і старшыні прафкамаў кожнай з навучальных устаноў.

Пераможцамі турзлёту ў групе “А” сталі педагогі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска. У групе “Б” безумоўныя лідары — прадстаўнікі гарадской дапаможнай школы.

— Турыстычны злёт чарговы раз паказаў, што нашы педагогі ўмеюць не толькі добра працаваць, але і творча адпачываць. Самай галоўнай узнагародай для ўсіх удзельнікаў сталі выдатны настрой, зарад энергіі на ўвесь новы навучальны год, — адзначыла Р.У.Краўцова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі.