×

Ад інтэграцыі да інклюзіі

19.03.2020 14:56,

На Магілёўшчыне суправаджэнне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця даўно стала комплексным і вядзецца пры ўдзеле розных зацікаўленых ведамстваў. Рэгулярна рэалізоўваюцца разнастайныя інавацыйныя, эксперыментальныя праекты. Усё гэта ў сукупнасці дазваляе навучальным установам мэтанакіравана рухацца ад інтэграцыі да інклюзіі.

Важкі ўклад ва ўкараненне інклюзіўнай адукацыі ў рэгіёне ўносіць Магілёўскі дзяржаўны абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Менавіта гэтая ўстанова выступае своеасаблівай пляцоўкай, дзе апрабуюцца і рэалізоўваюцца новыя падыходы, методыкі для навучання асаблівых дзетак, іх сацыялізацыі ў грамадстве.

— Наш педагагічны калектыў пастаянна працуе над рэалізацыяй розных інавацый, якія спрыяюць распаўсю­джванню ідэй інклюзіўнай адукацыі на Магілёўшчыне. Зараз мы заканчваем работу над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі фарміравання маральна-каштоўнасных арыентацый навучэнцаў пры дапамозе арганізацыі валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”. Мы ажыццяўлялі яго разам з яшчэ адным эксперыментальным праектам “Апрабацыя адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах інклюзіі асоб з АПФР”. Сумесная рэалізацыя гэтых інавацый дазволіла дасягнуць шматлікіх станоўчых напрацовак у сацыяльным уключэнні і ўзаемадзеянні асаблівых дзяцей з іх здаровымі аднагодкамі, у апрабацыі розных варыянтаў мадэлей навучання школьнікаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на аснове інклюзіўнага падыходу, — паведаміла дырэктар абласнога ЦКРНіР А.Г.Мазалоўская.

Паводле яе слоў, адметнасцю ажыццяўлення праекта “Укараненне мадэлі фарміравання маральна-каштоўнасных арыентацый навучэнцаў пры дапамозе арганізацыі валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў” стала падрыхтоўка валанцёраў у асобе бацькоў асаблівых дзяцей. Педагогі цэнтра зрабілі ўпор на навучанне мам і татаў.

— Галоўная задача, якую мы ставілі перад сабой, — дапамагчы бацькам самім псіхалагічна прыняць сваё дзіця, яго асаблівасці. Мы вучылі іх навыкам канструктыўнага дыялогу з грамадствам, уменню прадстаўляць дзяцей, ад­стойваць іх інтарэсы. Адным словам, быць галоўнымі памочнікамі ў іх сацыялізацыі. Гэта вельмі важна, бо і зараз мы часам сутыкаемся з тым, што далёка не ўсе людзі падтрымліваюць інклюзіўныя ідэі, — адзначыла А.Г.Мазалоўская.

Навучанне бацькоў валанцёрству ў абласным ЦКРНіР вялося на працягу трох гадоў. Творчая група педагогаў у ліку Н.А.Каральковай, В.У.Бальшаковай, В.У.Дзьяковай, Ж.І.Ермачэнка, К.Г.Міхайлавай, Т.Г.Легеравай арганізоўвалі для мам і татаў разнастайныя мерапрыемствы: майстар-класы, трэнінгі, круглыя сталы. Сумесна з валанцёрамі горада бацькі навучэнцаў і педагогі абласнога ЦКРНіР праводзілі шматлікія інфармацыйна-асветніцкія і дабрачынныя акцыі, накіраваныя на стварэнне ўмоў для паспяховай інтэграцыі і сацыялізацыі дзяцей з АПФР і прыцягненне ўвагі шырокай грамадскасці да іх праблем. Мамы і таты асаблівых дзяцей таксама праходзілі навучанне на спецыялізаваных адукацыйных курсах. Акрамя таго, для іх былі надрукаваны інфармацыйныя буклеты на актуальныя тэмы, створаны суполкі па інтарэсах “Роўны навучае роўнага”, “Платформа падтрымкі” ў папулярных сацыяльных сетках. Усё гэта паспрыяла фарміраванню ў бацькоў актыўнай, адказнай пазіцыі па данясенні талерантных ідэй і маральна-каштоўнасных арыентацый у соцыум, у прыватнасці, ва ўстановы адукацыі, дзіцячыя і маладзёжныя грамадскія аб’яднанні.

— Уся наша сумесная дзейнасць накіравана на вынік. Калі яна ажыццяўляецца з бязмежнай любоўю, то прыносіць шмат станоўчых зрухаў у развіцці дзяцей. Мой малыш навучыўся размаўляць, цяпер ён можа выказваць свае думкі, што для нас вельмі значны прагрэс і вялікая радасць. Акрамя развіцця, агульная праца накіравана на стварэнне інклюзіўнага асяроддзя для дзяцей. Рознабаковыя мерапрыемствы дапамагаюць прыйсці да таго, каб нашы дзеці мелі такія ж магчымасці для атрымання базавай адукацыі, як і іх здаровыя аднагодкі, каб яны былі прыняты ў грамадстве і маг­лі прыносіць яму карысць, — адзначыла Валерыя Баскава, маці аднаго з навучэнцаў ЦКРНіР.

— У дасягненні гэтай мэты многае залежыць ад нас, бацькоў. Ад нашай адкрытасці, актыўнасці, гатоўнасці ўзаемадзейнічаць з соцыумам і прадстаўляць інтарэсы сваіх дзяцей, — дадала яшчэ адна мама Ганна Зеляняк.

Педагагічны калектыў абласнога ЦКРНіР перакананы: за тры гады рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі фарміравання маральна-каштоўнасных арыентацый навучэнцаў пры дапамозе арганізацыі валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў яго галоўных мэт удалося дасягнуць. Бацькі выхаванцаў навучыліся ўпэўнена будаваць узаемаадносіны з установамі адукацыі, з іншымі сацыяльнымі інстытутамі, самастойна рыхтаваць для сваіх дзяцей камфортнае асяроддзе знаходжання — без ізаляцыі ад грамадства.

— І гэта вельмі важна. На жаль, нягледзячы на тое, што інклюзіўныя працэсы актыўна ідуць ужо даўно, мы яшчэ даволі часта сутыкаемся з праблемай, калі бацькі і нават педагогі не хочуць, каб у класе з’яўлялася асаблівае дзіця. І каму, як не бацькам такога малыша, прадстаўляць яго інтарэсы? У навучанні валанцёрству мы на гэта і нацэльваліся. Менавіта мамы і таты павінны ўмець аргументавана растлумачыць, што ніякіх адмоўных змен у адукацыйным працэсе з прыходам у клас асаблівага дзіцяці не будзе. Асаблівае дзіця — гэта не нейкая адмоўная тэндэнцыя. Гэта такі ж навучэнец, але крыху з іншымі тэмпамі развіцця, — падкрэсліла А.Г.Мазалоўская.

Работу з законнымі прадстаўнікамі выхаванцаў у гэтым кірунку ў абласным ЦКРНіР плануюць працягваць. Мамы і таты, якія ўжо сталі валанцёрамі, будуць аказваць псіхалагічную падтрымку, натхняць на пазітыўныя змены і поспехі іншых бацькоў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным ЦКРНіР.