×

Адпачылі ў “Летняй акадэміі”

27.08.2019 11:39,

Навучэнцы Краснапольскага раёна сёлета змаглі цудоўна адпачыць і атрымаць новыя веды ў “Летняй акадэміі”. Такую назву атрымаў профільны аздараўленчы летнік, які быў арганізаваны на базе STEM-цэнтра раённай гімназіі.

Як паведаміла намеснік дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце Т.У.Іўчанка, падобны аздараўленчы лагер арганізоўваўся ў гімназіі ўпершыню. Яго вырашана было стварыць, каб максімальна задзейнічаць магчымасці STEM-цэнтра на карысць адораных навучэнцаў.

— Гэтым летам у нас адпачывалі дваццаць падлеткаў: вучні 6—8 класаў гімназіі і сярэдняй школы райцэнтра. Асаблівасць лагера — выкарыстанне інавацыйных падыходаў STEM-тэхналогій па напрамках “Хімія”, “Біялогія”, “Робататэхніка”. Прыярытэтам выхаваўчай дзейнасці было таксама краязнаўства, — расказала Т.У.Іўчанка.

На працягу амаль трох тыдняў хлопцы і дзяўчаты адпачывалі і аздараўляліся. Выхавальнікі лагера арганізоўвалі для іх розныя выязныя і пешыя экскурсіі, спаборніцтвы, гульні, конкурсы. Значную частку часу займалі профільныя заняткі.

— Адным з кірункаў сталі заняткі па біялогіі і экалогіі. Падчас іх вучні змаглі пашырыць свае веды аб біялагічнай разнастайнасці, вырашалі экалагічныя задачы, праводзілі назіранні за біялагічнымі аб’ектамі. Пры праглядзе навуковых дакументальных фільмаў дзеці завочна падарожнічалі па самых адметных прыродных славутасцях Беларусі. Яны даведаліся шмат цікавага аб Бярэзінскім біясферным запаведніку, нацыянальных парках “Белавежская пу­шча” і “Прыпяцкі”, змаглі палюбавацца прыгажосцю азёр Браслаўшчыны. Асаблівая ўвага ўдзялялася вывучэнню рэгіянальных экалагічных праблем. Падлеткі вучыліся выяўляць экалагічныя праблемы свайго рэгіёна, знаходзілі агульныя рысы і заканамернасці экалагічных працэсаў, праводзілі эксперыменты, распрацоўвалі рэкамендацыі па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі роднай Краснапольшчыны, — адзначыла Т.У.Іўчанка.

Займальна і пазнавальна праходзілі для навучэнцаў заняткі па хіміі. Кожны дзень дзеці здзяйснялі маленькія адкрыцці. Усе яны фіксаваліся на старонках жывой газеты, якая адлюстроўвала жыццё лагера. Асаблівую цікавасць у хлопцаў і дзяўчат выклікалі таксама заняткі робататэхнікай. Асвоіўшы асновы робататэхнікі, навучэнцы штодня стваралі свае мадэлі і праграмавалі іх на пэўныя карысныя дзеянні. Акрамя асноўных заняткаў, у “Летняй акадэміі” вучні актыўна ўключыліся ў краязнаўчую дзейнасць. Яны займаліся даследаваннямі і добраўпарадкаваннем малой радзімы.

Адпачынак у “Летняй акадэміі” быў для дзяцей яркім, карысным і вясёлым. Яны не толькі паўнавартасна аздаравіліся, набылі разнастайныя новыя веды па прадметах, але і атрымалі мноства станоўчых эмоцый і незабыўных уражанняў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.