×

Адпачываюць цікава і незабыўна

09.07.2019 12:01,

Гэтыя тры месяцы кожнаму хочацца правесці ярка, цікава, насычана і карысна. У навучальных установах Магілёўшчыны дзецям прадастаўляюць такую магчымасць: навучэнцам прапануюць самыя разнастайныя формы адпачынку.

— Сёлета ў вобласці працуюць шматлікія лагеры розных тыпаў. І ў плане правядзення адпачынку ў хлопцаў і дзяўчат вялікі выбар: стацыянарныя, арандаваныя, размешчаныя ў санаторыях-прафілакторыях, а таксама профільныя па кірунку дзейнасці. Бавіць час летніх канікул навучэнцам прапануюць таксама на школьных стадыёнах, гульнявых пляцоўках, у профільных атрадах на базе ўстаноў адукацыі. Акрамя таго, дзеці могуць прыняць удзел у экспедыцыйных пошукавых групах, разнастайных турыстычных паходах, — паведаміла галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама А.Г.Васіленка.


Летнія дні ў аздараўленчым лагеры "Алімпіец".

Па яе словах, асаблівай папулярнасцю ў дзяцей і падлеткаў карыстаюцца профільныя аздараўленчыя летнікі. Магілёўскія школьнікі могуць выбраць адпачынак з тэматычным напрамкам: ваенна-патрыятычны, спартыўны, мастацкі, сацыяльна-педагагічны, вучэбны.

Напрыклад, лагер “Алімпіец” дазволіў выдатна адпачыць больш чым 100 таленавітым магілёўскім школьнікам. Аздараўленне ў летніку праходзілі адораныя дзеці з усіх куткоў вобласці. Гэта пераможцы трэцяга і заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па такіх вучэбных прадметах, як “Руская мова і літаратура”, “Матэматыка”, “Астраномія”, “Фізіка”, “Хімія”, “Біялогія”, “Геаграфія”, “Беларуская мова і літаратура”, “Гісторыя”, “Англійская мова”, “Інфарматыка”.

— Пераважная большасць — прадстаўнікі Магілёва і Бабруй­ска. Але нямала было навучэнцаў раённых і сельскіх школ. Адпачынак для іх арганізаваны на базе Магілёўскай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей, хворых на скаліёз, бо ў гэтай навучальнай установы вельмі ўдалае размяшчэнне. Дзеці і на прыродзе, і на мінімальнай адлегласці ад горада, — расказала А.Г.Васіленка.

Аздараўленчая змена ў “Алімпійцы” ў першую чаргу спалучала адпачынак і аздараўленне. Педагогі-арганізатары і выхавальнікі прадугледзелі для юных талентаў разнапланавыя забаўляльныя праграмы. Кожны дзень у летніку быў насычаны масавымі гульнямі, спартыўнымі спаборніцтвамі, дыскатэкамі, экскурсіямі, тэматычнымі флэшмобамі, інтэлектуальнымі гульнямі, творчымі конкурсамі. Разнастайнасць культурных мерапрыемстваў дазволіла ўсім удзельнікам лагера хутка пазнаёміцца адно з адным і знайсці новых сяброў.

Вольны час — у другой палове дня. З раніцы да абеду ў дзяцей былі вучэбныя заняткі. Імправізаваныя ўрокі праводзілі лепшыя педагогі-прадметнікі вобласці, вучні якіх штогод становяцца пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскай алімпіяды. Да гэтага працэсу былі таксама далучаны выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў.

Юныя магілёўскія інтэлектуалы змаглі не толькі адпачыць і аздаравіцца, але і паглыбіць веды па любімым вучэбным прадмеце. Разам з вопытнымі педагогамі навучэнцы рабілі маленькія адкрыцці і акуналіся ў дзіўны свет навукі. Заняткі ў “Алімпійцы” распрацоўваліся з індывідуальным падыходам да кожнага. Вучэбны працэс у летніку прадугледжваў розныя віды работы, якія спрыялі трываламу засваенню матэрыялу. Для дзяцей праводзіліся лекцыі, практычныя і лабараторныя заданні, круглыя сталы, творчыя праекты камп’ютарныя практыкумы, прагляд і аналіз відэаматэрыялаў. Пасля заканчэння вучэбных заняткаў вучні атрымлівалі дамашняе заданне з улікам выкананага за дзень.

— Вучэбная праграма была нацэлена на высокі вынік кожнага. Удзельнікі лагера змаглі праверыць свае сілы ва ўмовах сапраўднай алімпіяднай барацьбы, паказаць моцныя бакі, выявіць магчымыя прабелы ў ведах і ліквідаваць іх. Увогуле, летнік “Алімпіец” — важны кампанент у сістэме падрыхтоўкі вучняў вобласці да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, — адзначыла А.Г.Васіленка.

— Час у “Алімпійцы” кожны з нас правёў з карысцю. Мы вучыліся, тварылі і адпачывалі, пазнавалі новае і замацоўвалі вывучанае, упарта ішлі да новых ведаў. А пасля заняткаў нас чакалі розныя цікавыя мерапрыемствы. Яркія ўражанні, атрыманныя ў лагеры, надоўга застануцца з намі, — такія словы выхавальнікам і педагогам пакінулі ўдзельнікі чацвёртага атрада.

Падобныя шчырыя і пазітыўныя эмоцыі, несумненна, засталіся і ў наведвальнікаў іншых шматлікіх аздараўленчых лагераў. Усяго за час летніх канікул на Магілёўшчыне плануюць аздаравіць звыш 43 тысяч навучэнцаў. Без увагі не застанецца ні адно дзіця. Цікавы і карысны адпачынак абяцаюць кожнаму. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.