×

Адукацыя дарослых: як і навошта

31.05.2019 11:55,

У апошнія дзесяцігоддзі ва ўсім свеце сталі актыўна прапагандаваць ідэі бесперапыннай адукацыі дарослых. Педагагічныя работнікі павінны, несумненна, тут быць у авангардзе. Па-першае, гэта звязана з аб’ектыўнай патрэбай педагога пастаянна асвойваць новыя тэхналогіі, якія прыйшлі разам з навукова-тэхнічным прагрэсам. Па-другое, у гэтым жа шэрагу стаіць і праблема задавальнення  чалавека ў развіцці сваёй асобы, гэта значыць, навучанне дарослых патрэбна для самаўдасканалення і самарэалізацыі.

У Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшоў семінар-практыкум “Сучасныя метады, формы і тэхналогіі навучання дарослых”. Асвоіць тэорыю і практыку адукацыйнага працэсу дарослых на аснове прымянення сучасных метадаў навучання і атрымаць веды аб эфектыўных механізмах яго арганізацыі сабраліся метадысты раённых і гарадскіх вучэбна-метадычных кабінетаў.

У рамках семінара-практыкума настаўнік-метадыст Рамановіцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Святлана Фёдараўна Германовіч прадставіла сістэму дзеяння Асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў Рэспублікі Беларусь, а таксама расказала пра алгарытм арганізацыі ўзаемадзеяння настаўнікаў-метадыстаў з установамі адукацыі Магілёўшчыны.

Удзельнікі семінара-практыкума прынялі актыўны ўдзел у майстар-класе “Роля сацыяльнага партнёрства ў фарміраванні кампетэнцый настаўніка”, які правяла настаўнік-метадыст, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Горак Таццяна Мікалаеўна Бязносова.

Сучасны навуковы погляд на праблемы андрагогікі прадставіла кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры псіхалогіі і педагогікі інстытута развіцця адукацыі Валянціна Васільеўна Аўраменка, якая паведаміла ўдзельнікам семінара аб актуальных метадах, формах і тэхналогіях навучання дарослых, а таксама прапанавала прымяніць атрыманыя веды на практыцы разам у групах.

Завяршыла праграму семінара начальнік аддзела інфармацыйна-метадычнай і выдавецкай работы Валянціна Міхайлаўна Сакалова, якая акцэнтавала ўвагу на актуальных пытаннях выдавецкай дзейнасці. Асаблівую цікавасць удзельнікаў семінара выклікалі пытанні афармлення матэрыялаў да друку, а таксама патрабаванні, што прад’яўляюцца да спісаў выкарыстаных крыніц пры падрыхтоўцы навуковага артыкула да публікацыі.

Актуальнасць семінара-практыкума была абумоўлена неабходнасцю падрыхтоўкі метадыстаў да пошуку і прымянення новых падыходаў у арганізацыі адукацыі дарослых і прэзентацыі ўласнага метадычнага вопыту, што дазволяць развіць высокую матывацыю да павышэння ўласнай кампетэнцыі і кампетэнцыі іншых педагагічных работнікаў.

Кацярына ЕЛІСЕЕНКА,
метадыст аддзела арганізатараў адукацыі і адукацыйнага працэсу Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.