×

Адукацыя для ўстойлівага развіцця

22.10.2019 12:15,

Магілёўская вобласць актыўна падключылася да рэспубліканскай дэкады “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх”. На працягу 10 дзён ва ўстановах адукацыі па ўсім рэгіёне праходзілі фестывалі, майстар-класы, акцыі. Усе яны былі прысвечаны пытанням адукацыі на працягу жыцця, адаптацыі да кліматычных змен, полікультурнай адукацыі, захавання нацыянальнай ідэнтычнасці.

Цэнтральнай падзеяй дэкады стаў тэматычны абласны праектны семінар, які аб’яднаў у МДАІРА некалькі дзясяткаў ініцыятыўных педагогаў і кіраўнікоў навучальных устаноў з розных куткоў вобласці. Сумесна яны дэталёва разгле­дзелі асноўныя палажэнні канцэпцый нацыянальнай стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь і стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўшчыны на найбліжэйшыя гады.

З галоўнымі мэтавымі арыенцірамі канцэпцый прысутных пазнаёміла намеснік начальніка каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ імя Максіма Танка каардынатар па кірунку “Адукацыя” партнёрскай групы ўстойлівага развіцця С.Б.Савелава. Яна таксама акцэнтавала ўвагу калег на значнасць удзелу ў працэсах устойлівага развіцця ўстаноў адукацыі, асабліва школ.

— Устойлівае развіццё — гэта бесперапынная сацыякультурная татальная інавацыя. Калі ж у працэсы ўстойлівага развіцця не ўцягнута школа, надзеі на ўстойлівасць няма. Калі школа не ўспрымае мэты ўстойлівага развіцця, не адбываецца трансляцыя гэтых норм у практыку іншых арганізацый. Інстытут школы, з аднаго боку, ажыццяўляе трансляцыю культуры, з другога — забяспечвае развіццё, — падкрэсліла С.Б.Савелава, адзначыўшы ўнікальнасць Магілёўскай вобласці ў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця.

Гэтая ўнікальнасць заключаецца ў тым, што ў рэгіёне дзейнічае канцэпцыя стратэгіі ўстойлівага развіцця, прынятая аблвыканкамам да выканання. Аднак, па словах дацэнта кафедры дыдактыкі і прыватных методык МДАІРА Г.У.Рыдзеўскага, прыя­рытэты гэтай канцэпцыі патрабуюць пераасэнсавання.

— Перагляд прыярытэтаў павінен прывесці да істотнай трансфармацыі ключавых напрамкаў дзейнасці, чаканых вынікаў і сістэмы індыкатараў устойлівага развіцця, — адзначыў Г.У.Рыдзеўскі.

Абмеркаванне прыярытэтаў канцэпцыі, а таксама выпрацоўка шляхоў інтэгравання гэтага дакумента ў функцыянаванне ўстаноў адукацыі працягнулася ў групах. Удзельнікі семінара прагаварылі магчымасці арганізацыі дзейнасці навучальных устаноў у інтарэсах устойлівага развіцця, укаранення ў навучанне адпаведных адукацыйных практык. Прагучала нямала дзейсных ідэй і прапаноў. Вызначана была і галоўная мэта — сфарміраваць якасную сістэму адукацыі, якая будзе ў поўнай меры адпавядаць патрэбам эканомікі і ўстойліваму развіццю рэгіёна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.