×

Адукацыя праз прызму мастацтва

14.11.2019 12:21,

Магілёўскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў знайсці даволі проста. Дастаткова апынуцца на вуліцы Ленінскай горада, а далей ісці на гукі музыкі. Чароўныя мелодыі даносяцца з кожнага кутка навучальнай установы. Атмасфера і традыцыі тут адпаведныя — неймаверна творчыя.

— Багатая гісторыя, творчыя традыцыі, прафесійныя педагогі, тысячы таленавітых выпускнікоў. Усё гэта пра нас. У гімназіі-каледжа векавая гісторыя. За гэты час ёй пройдзены значны шлях ад працоўнай музычнай студыі да ўстановы новага тыпу. Сёння наша ўнікальная навучальная ўстанова — адзін з найбуйнейшых цэнтраў музычнай культуры ў рэспубліцы, — расказаў дырэктар Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў А.Я.Курсакоў.

Зараз ва ўстанове навучаюцца 520 дзяцей. Першая ступень навучання тут пачатковая школа. Важна, што ўжо ў гэтым звяне дзеці могуць навучацца музыцы або харэаграфіі. Пасля яны працягваюць навучанне на ўзроўні гімназіі. Атрымаўшы базавую адукацыю, могуць тут жа стаць спецыялістамі сярэдняга звяна, скончыўшы прыступку каледжа. Але і потым навучальная ўстанова падтрымлівае сваіх вучняў. Ім даецца магчымасць па скарочанай праграме атрымаць вышэйшую адукацыю ў розных беларускіх і расійскіх УВА, з якімі ў гімназіі-каледжа заключаны адпаведныя дагаворы.

— Акрамя вывучэння агульнаадукацыйных прадметаў, у нас арганізаваны вучэбны працэс па харэаграфічным мастацтве, дырыжыраванні і інструментальным выканальніцтве. Выбар творчых напрамкаў вельмі шырокі. Толькі на інструментальным кірунку дзеці могуць навучацца ігры на 21 інструменце. З навучэнцамі займаюцца 117 педагогаў. Гэта калектыў, здольны вырашаць самыя складаныя вучэбныя задачы. Кожны наш педагог — прафесіянал. Прычым не проста прафесіянал, а прафесіянал, які штодзённа праяўляе добрасумленнасць і максімальную аддачу ў працы. Усе нашы настаўнікі валодаюць сапраўдным талентам да педагогікі. Своеасаблівы залаты фонд гімназіі-каледжа — Раіса Яфімаўна Сінялобава, Людміла Уладзіміраўна Ціханава, Іван Іванавіч Кундзянок, Алена Уладзіміраўна Харытонава, Ніна Панцеляймонаўна Яфімава, Алена Міхайлаўна Дарашэнка. Гэта педагогі, якія практычна ўсё сваё прафесійнае жыццё прысвяцілі рабоце ў нашай установе, — паведаміў А.Я.Курсакоў.

Паводле яго слоў, з калектывам аднадумцаў любыя мэты выканальныя. У навучальнай установе дасканала наладжаны адукацыйны працэс. Аднак педагогі тут не прывыклі стаяць на месцы. Гімназія-каледж пастаянна рэалізоўвае інавацыйныя і эксперыментальныя праекты. За апошнія некалькі гадоў выкладчыкі распрацавалі дзясяткі праграм вучэбных прадметаў і факультатыўных заняткаў з улікам спецыфікі зместу адукацыі ў гімназіях-каледжах мастацтваў. Усе яны былі рэкамендаваны да выкарыстання Нацыянальным інстытутам адукацыі.

— Важным напрамкам работы гімназіі-каледжа з’яўляецца таксама канцэртная і музычна-асветніцкая дзейнасць. У нас функцыянуюць 11 творчых калектываў, 6 з якіх носяць званне “ўзорны”. Дзякуючы энтузіязму і прафесіяналізму нашых педагогаў і навучэнцаў, асветніцкая дзейнасць з кожным годам пашыраецца, спрыяе ўстанаўленню міжнародных сувязей у галіне культуры і музычнай адукацыі. Асобныя мерапрыемствы па сваім маштабе і значнасці ўжо выйшлі за межы гімназічных на ўзровень горада, вобласці і нават рэспублікі. Ужо два гады на нашай базе пры падтрымцы Асацыяцыі беларускіх баяністаў і акардэаністаў арганізоўваецца значная для музычнага жыцця рэгіёна па­дзея — Дні магілёўскага баяна і акардэона. У гэтым годзе ў рамках фестывалю мы арганізавалі адкрыты конкурс выканаўцаў на баяне і акардэоне “Магілёўскія найгрышы”. Нядаўна агульнымі намаганнямі мы змаглі аднавіць дзейнасц­ь дзіцячай філармоніі — канцэртна-асветніцкага праекта, накіраванага на падтрымку выканальніцкага майстэрства нашых навучэнцаў. Адметна, што з аднаўленнем работы дзіцячай філармоніі на яе музычна-асветніцкіх канцэртах пабывалі вучні амаль усіх гарадскіх школ, — расказаў дырэктар навучальнай установы.

Вялікая ўвага ў гімназіі-каледжы мастацтваў удзяляецца выхаваўчай рабоце. Тут праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы, якія садзейнічаюць гарманічнаму і ўсебаковаму развіццю кожнага навучэнца. Важна, што ўсе выхаваўчыя мерапрыемствы так ці інакш звязаны з канцэртна-асветніцкай дзейнасцю.

— У нас усе мерапрыемствы арганізоўваюцца праз мастацтва. Напрыклад, сярод навучэнцаў вельмі развіты валанцёрскі рух. Дабру, міласэрнасці і ўзаемадапамозе яны вучацца праз музыку. І праз музыку заклікаюць да гэтага іншых. Мы ўжо некалькі гадоў праводзім дабрачынныя канцэрты “Гімназія-каледж збірае сяброў”. У гэтым годзе канцэрт стаў вынікам маштабнай дабрачыннай акцыі “Музыка дабра”, якая была рэалізавана сумесна з рэгіянальным аддзяленнем Беларускага дзіцячага фонду. У рамках акцыі нашы юныя музыканты далі шэраг дабрачынных канцэртаў у цэнтральным універмагу. Сабраныя сродкі былі накіраваны на патрэбы дзяцей з Магілёўскага дзіцячага хоспіса, а таксама на аказанне адраснай дапамогі цяжка­хвораму хлопчыку Аляксею Хрысцічэнку з Асіповіч. Навучэнцы самі ўручалі падарункі сваім аднагодкам. На іх гэта аказала каласальнае ўз­дзеянне. Думаю, менавіта такія мера­прыемствы найлепшым чынам спрыя­юць фарміраванню ў дзяцей галоўных чалавечых якасцей і каштоўнасцей, — перакананы А.Я.Курсакоў.

У гімназіі-каледжы назапашаны вялікі вопыт работы ў галіне адукацыі і асветы. Тут заўсёды гатовы падзяліцца сваімі напрацоўкамі, а таксама адкрыты для новага. Педагагічны калектыў актыўна ўзаема­дзейнічае з калегамі, прычым не толькі беларускімі, але і замежнымі.

— Наша ўстанова заўсёды адкрыта для супрацоўніцтва і новых творчых праектаў. У апошнія гады былі падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве з Наўенскай музычнай і мастацкай школай Даўгаўпілскага краю і Марупскай школай музыкі і мастацтва (Латвія), Дзяржаўнай музычнай школай імя Вітольда Лютаслаўскага (Польшча), Нававільняйскай музычнай школай (Літва), Тульскім каледжам мастацтваў імя Аляксандра Даргамыжскага (Расія). Таксама ў нас устаноўлены культурна-музычныя сувязі з Пасольствам Японіі ў Рэспубліцы Беларусь. Такое плённае ўзаемадзеянне, пастаянны абмен вопытам з замежнымі калегамі істотна павышаюць прафесійны ўзровень нашых педагогаў і, адпаведна, паляпшаюць якасц­ь навучання, — адзначыў А.Я.Курсакоў.

Якасць адукацыі ў Магілёўскай гімназіі-кале­джы мастацтваў сапраўды на вельмі высокім узроўні. Пра гэта сведчаць шматлікія перамогі навучэнцаў у рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, прычым не толькі творчых. Напрыклад, вучаніца 6 класа Ульяна Астанковіч — неаднаразовы лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў выканаўцаў на акардэоне, прызёр другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове, пераможца абласнога этапу рэспубліканскіх спаборніцтваў для дзяцей і падлеткаў “Шкаліяда”. І такіх усебакова развітых навучэнцаў у гімназіі-каледжы шмат. Дарэчы, больш за 200 гімназістаў з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Як запэўніў А.Я.Курсакоў, калектыў навучальнай установы і надалей будзе імкнуцца да павышэння якасці адукацыі навучэнцаў, іх падрыхтоўкі да паўна­вартаснага жыцця ў грамадстве.

— Усё, што мы робім, — для нашых вучняў. І калі ім у гімназіі-кале­джы камфортна, калі атмасфера ўстановы спрыяе іх поспехам, то для нас гэта самае галоўнае дасягненне, — падкрэсліў дырэктар.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.