×

Агонь — сябар, а не вораг

31.01.2020 16:16,

У шосты школьны дзень у сярэдняй школе № 4 Клімавіч прайшоў КВЗ “Юныя ратавальнікі” па прапагандзе пажарнай бяспекі, які правяла педагог-арганізатар Людміла Фёдараўна Круцікава.

Дзецям яшчэ раз нагадалі, як шмат соцень гадоў спатрэбілася чалавеку для таго, каб навучыцца здабываць агонь і карыстацца ім. Агонь, пастаянны спадарожнік чалавека, можа быць не толькі сябрам і памочнікам ва ўсіх добрых справах, але і ворагам. Гэта залежыць ад таго, ці правільна выкарыстоўваецца агонь. Якім бокам ён павернецца да нас, залежыць толькі ад нас саміх.

Удзельнікі гульні назвалі прычыны ўзнікнення пажараў (неасцярожнае абыходжанне з агнём, невыкананне правілаў эксплуатацыі электрапрыбораў, падпалы, навальнічныя разрады і інш.), успомнілі правілы паводзін у надзвычайных сітуацыях, а таксама сродкі, якія выкарыстоўваюцца для тушэння ўзгаранняў (вада, пясок, вогнетушыцель і г. д.).

Мерапрыемства праходзіла ў форме конкурсна-гульнявой праграмы, дзе школьнікі змаглі яшчэ раз паўтарыць асноўныя правілы пажарнай бяспекі. Так, падчас гульні “Гэта я, гэта я, гэта ўсе мае сябры!” у займальнай рухомай форме ўспомнілі прычыны пажараў і іх прафілактыку. Падчас конкурсу “Праблемная сітуацыя” ўдзельнікам трэба было знайсці правільнае выйсце з сітуацыі, якая склалася. Напрыклад, калі ў памяшканні шмат дыму, неабходна рухацца паўзком; калі загарэлася адзенне, падаць і катацца ў падпаленай вопратцы, каб загасіць полымя. Конкурс “Адгадай загадкі” дазволіў хлопчыкам і дзяўчынкам назваць першасныя сродкі тушэння ўзгаранняў і пажараў. 

Адным з самых запамінальных для аказаўся конкурс “Патэлефануй па 101”, які дазволіў праверыць веды вучняў па дзеяннях у выпадку надзвычайнай сітуацыі. Дзецям гаварылі, што і дзе гарыць, і па камандзе “Пажар!” яны павінны былі выклікаць ратавальнікаў. У гульнявой форме быў вызначаны найлепшы вадзіцель пажарнай машыны. А яшчэ дзеці змаглі праверыць веданне прыказак і прымавак аб агні.

У канцы гульнявой праграмы Людміла Фёдараўна нагадала ўдзельнікам формулу бяспекі: прадбачыць небяспеку; па магчымасці пазбягаць яе; пры неабходнасці дзейнічаць рашуча і выразна; змагацца да апошняга, актыўна прасіць аб дапамозе і самому яе аказваць.

Марына НОВІКАВА, 
настаўніца пачатковых класаў.