×

Азбука бяспекі

07.08.2019 12:22,

Сучасны адукацыйны Цэнтр бяспекі жыццядзейнасці Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС — суръёзны навучальны комплекс, база якога дазваляе ўзнавіць мадэлі розных надзвычайных сітуацый. Галоўная яго аўдыторыя — навучэнцы агульнаадукацыйных устаноў, а таксама выхаванцы дзіцячых дашкольных устаноў горада.

Падчас заняткаў вучні сярэдняй школы № 4 наведалі памяшканні з трэнажорамі, а з дапамогай віртуальнага пагружэння ў імітацыю надзвычайных сітуацый навучыліся дакладна дзейнічацьу выпадку рэальнай небяспекі.

У адным з класаў мадэлюецца алгарытм выкліку службы ратавання па тэлефоне. На кабінках прадстаўлена пэўная сітуацыя (гарыць дом, кватэра), пра якую трэба паведаміць дыспетчару. Праграма ў тэлефоне адкажа на званок, прыме інфармацыю, пры неабходнасці можна праслухаць запіс размовы і прааналізаваць правільнасць дзеянняў.

Яшчэ адзін этап навучальнага курса — пакой задымлення. Хлопчыкі і дзяўчынкі пераадольваюць яго па некалькі чалавек, арыентуючыся на светлавыя табло “Выхад 2”. Тут жа размешчаны страбаскопы для імітацыі гарэння, дымагенератары, відэакамеры для кантролю фізічнага стану і месцазнаходжання чалавека, чутны крыкі. Складваецца ўражанне, што ты сапраўды апынуўся ў складанай сітуацыі.

Цэнтр бяспекі — гэта ўнікальная школа ведаў, якую неабходна наведаць кожнаму вучню!

Алена СТУДНЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце 
сярэдняй школы № 4 Магілёва.