×

Будзем разам

11.02.2020 14:12,

Абнаўленне сістэмы дашкольнай адукацыі, працэсы гуманізацыі і дэмакратызацыі ў ёй абумовілі неабходнасць актывізацыі ўзаемадзеяння ўстановы дашкольнай адукацыі з сям’ёй.

У гэтым навучальным годзе наша ўстанова адукацыі ўключылася ў інавацыйную дзейнасць. Калектыў установы рэалізоўвае інавацыйны праект “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў навучэнцаў”.

У мэтах уключэння мам і татаў у адукацыйны працэс, стварэння станоўчага іміджу ўстановы дашкольнай адукацыі мы запланавалі правядзенне некалькіх дзён адкрытых дзвярэй. У цяперашні час такія формы работы з бацькамі набываюць шырокае распаўсюджанне і даюць бацькам магчымасць убачыць стыль зносін педагогаў з дзецьмі, самім “уключыцца” ў зносіны і дзейнасць дзяцей і педагогаў.

Напярэдадні правядзення дня адкрытых дзвярэй ва ўстанове нашы педагогі арганізавалі вялікую рэкламную дзейнасць па абвяшчэнні і запрашэнні бацькоў і іншых членаў сем’яў выхаванцаў у дзіцячы сад. Выхавальнікі дашкольнай адукацыі аформілі яркія анонсы ўсіх заняткаў, якія праводзяцца, у раздзявальных пакоях груп, паднеслі бацькам буклеты, якія адлюстроўваюць дзейнасць установы адукацыі, уручылі запрашальныя пісьмы на дзень адкрытых дзвярэй, выкарысталі сеткавыя сацыяльныя суполкі для прыцягнення бацькоўскай увагі да ўзаемадзеяння з установай адукацыі ў пытаннях выхавання дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту.

У рамках вырашэння гадавой задачы, мэт інавацыйнай дзейнасці ўстановы дашкольнай адукацыі ў кожным групавым памяшканні была арганізавана выстава работ бацькоў і дзяцей, сямейны вернісаж на тэму “Рух — гэта жыццё”, дзе былі прадэманстраваны вынікі сумеснай дзейнасці бацькоў і дзяцей. Гэта таксама стала важным момантам у наладжванні ўзаемаадносін паміж дзіцем і бацькамі і значным для педагогаў (павышэнне актыўнасці бацькоў у жыцці групы, адзін з паказчыкаў камфортнасці ўнутрысямейных адносін).

У дзень адкрытых дзвярэй бацькі, а таксама іншыя блізкія дзіцяці людзі, якія непасрэдна ўдзельніча­юць у яго выхаванні, мелі магчымасць свабодна наве­даць установу адукацыі; прайсці па ўсіх памяшканнях, азнаёміцца з жыццём дзіцяці ў дзіцячым садзе, убачыць, як дзіця займаецца і адпачывае, пагутарыць з яго сябрамі і выхавальнікамі. Бацькі назіралі за дзейнасцю педагога і дзяцей, а таксама самі змаглі паў­дзельнічаць у гульнях, занятках. Ім былі прапанаваны такія формы работы, як круглы стол “Выхаванне дабром”, пасяджэнне бацькоўскага клуба “Здаровы лад жыцця — залог здароўя нашых дзяцей”, семінар-практыкум “Арганізацыя карэкцыйных заняткаў дома”, пасяджэнне бацькоўскай гасцёўні “Гульні і цацкі дзяцей ранняга ўзросту”, кансультацыя “Дапамога бацькоў у выхаванні правільнага гукавымаўлення дзяцей дашкольнага ўросту”, запрашэнне на педагагічную гасцёўню “Разам гуляем — маўленне развіваем”.

Вынікам дня адкрытых дзвярэй стала правядзенне рэфлексіўнай сустрэчы бацькоў з педагогамі ў музычнай зале, дзе кожны з бакоў выказаў сваё меркаванне, падзяліўся ўражаннямі аб праведзеным мерапрые­мстве.

Аналізуючы праведзенае мерапрыемства, педагогі ўстановы прыйшлі да высновы, што такія формы ўзаемадзеяння маюць двухбаковую карысць: спецыялісты ўстановы адукацыі аказваюць падтрымку бацькам у іх выхаваўчай практыцы, а бацькі ў сваю чаргу дапамагаюць педагогам лепш пазнаць дзяцей і разам выбудаваць індывідуальную траекторыю развіцця кожнага дзіцяці.

Алена ПАЎЛЕНКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 Круглага.