×

Цэнтр творчай і тэхнічнай думкі

18.01.2020 11:53,

У мінулым годзе ў гімназіі № 3 Бабруйска з’явіўся STEM-клас. Гэты кабінет адразу стаў своеасаблівай кропкай прыцягнення для ўсіх без выключэння навучэнцаў. У ім штодня арганізоўваецца разнастайная навукова-тэхнічная дзейнасць.

— STEM-цэнтр з’явіўся ў нашай уста­нове дзякуючы Рэспублікан­скаму конкурсу “Хачу вучыцца ў STEM-класе!”. Гімназія апынулася ў ліку 10 яго пераможцаў. Узнагародай стаў STEM-клас, адкрыты пры са­дзейнічанні асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” і матэрыяльнай падтрымцы мінскага офіса кампаніі Lyft. Кабінет абсталяваны сучаснымі ноўтбукамі, наборамі Lego EV3 і тэлевізарам. Важна, што мы атрымалі не толькі абсталяванне. У асобе кампаніі Lyft гімназія набыла бескарыслівых партнёраў, экспертаў і настаўнікаў, якія знаё­мяць дзяцей са светам IT, арганізоўваюць майстар-класы і прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Пры тэхнічнай падтрымцы спецыялістаў кампаніі гімназісты рэалізоўваюць праекты, звязаныя з OpenStreetMap. Істотнае метадычнае су­праваджэнне аказвае таксама асацыяцыя “Адукацыя для будучыні”, якая праводзіць для педагогаў канферэнцыі і майстар-класы, арганізоўвае курсы па асновах робататэхнікі і летнікі па засваенні STEM-падыходу, — расказаў дырэктар гімназіі У.Ю.Саковіч.

Паводле яго слоў, сёння вакол STEM-цэнтра пастаянна кіпіць гімназічнае жыццё. Навучэнцы атрымалі магчымасць асвойваць робататэхніку, вывучаць праграмаванне, спрабаваць сябе ў тэхнічнай творчасці, займацца 3D-мадэляваннем, ствараць гульні і распрацоўваць мабільныя дадаткі, выступаць на робатурнірах і ўдзельні­чаць у інжынерных мнагаборствах, творчых і тэхнічных конкурсах.

— Асновы алгарытмізацыі дзеці могуць асвойваць пачынаючы з 1-га класа. Для гэтых навучэнцаў арганізоўваюцца заняткі па інтарэсах “Пра­грамаванне без камп’ютара”. Чацвёртакласнікі спасцігаюць візуальнае асяроддзе праграмавання Scratch і адукацыйную робататэхніку, пяцікласнікі і шасцікласнікі спрабуюць свае сілы ў распрацоўцы вучэбных гульняў у асяроддзі пра­грамавання Scratch. Сямікласнікі і васьмікласнікі асвойваюць робататэхніку, 3D-мадэляванне і займаюцца тэхнічнымі праектамі. Старшакласнікі працуюць з OpenStreetMap Bobruisk, — паведаміў У.Ю.Саковіч.

Характэрна, што многія навучэнцы ўжо дасягнулі пэўных поспехаў у навучанні. Так, адзінаццацікласнік Аляксей Грудзько распрацаваў мабільны дадатак “Дом — школа — дом”, які дазваляе бацькам у анлайн-рэжыме бачыць, дзе знаходзіцца іх дзіця. Вучні 6-х класаў заканчваюць работу над стварэннем гульні па бяспецы дарожнага руху. Старшакласнікі актуалізуюць даныя адкрытых карт і плануюць заняцца распрацоўкай мабільнага дадатку “На дарогах Бабруйска”. Вучні 7-х і 8-х класаў актыўна працуюць над стварэннем аўтаматычнага званка: змадэлявалі корпус і раздрукавалі яго на 3D-прынтары, напісалі камп’ютарную праграму.

— Наш STEM-цэнтр ніколі не бывае пустым. Там заўсёды кіпіць інтэлектуальная, тэхнічная, творчая думка навучэнцаў і педагогаў. Актыў­насць дзяцей не засталася незаўважанай. Прыемным падарункам ад Парка высокіх тэхналогій да Каляд і Новага года сталі 3D-прынтар і наборы Lego Wedo для малодшых школьнікаў. Новае абсталяванне, несумненна, яшчэ больш умацуе іх ціка­васць да тэхнічнай творчасці і праграмавання, — падкрэсліў У.Ю.Саковіч.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.