×

Чароўнае свята для дзяцей

31.12.2019 11:10,

Чароўным святам для звыш шасцісот дзяцей стала традыцыйная абласная ёлка, якая адбылася ў Магілёве напярэдадні навагодніх святаў. Урачыстасць стала цэнтральнай падзеяй рэалізацыі акцыі “Нашы дзеці” у рэгіёне.

Удзел у святочным мерапрыемстве прынялі выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, конкурсаў, лідары і актывісты дзіцячых грамадскіх арганізацый, а таксама дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Яшчэ ў фае Палаца культуры вобласці кожнае дзіця ахутвалі навагоднія цуды. Хлопчыкаў і дзяўчынак каля прыбранай ёлкі сустракалі казачныя персанажы.

З надыходзячымі святамі дзяцей павіншаваў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Ён адзначыў, што за мінулы год магілёўскія навучэнцы дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, творчасці, спорце.

- Напярэдадні Новага года і Каляд ужо стала традыцыяй праводзіць абласную елку з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі, уручэннем падарункаў таленавітым і актыўным дзецям. Гэта ўрачыстае мерапрыемства - магчымасць яшчэ раз сказаць вам “дзякуй” за поспехі, разам парадавацца дасягнутым вынікам. Сённяшняе свята сабрала лепшых прадстаўнікоў падрастаючага пакалення нашага рэгіёна. Вы з’яўляецеся прыкладам для іншых дзяцей і падлеткаў, — адзначыў Леанід Канстанцінавіч.

Кіраўнік рэгіёна шчыра пажадаў хлопчыкам і дзяўчынкам шырокай і шчаслівай жыццёвай дарогі, выканання ўсіх задумак, а таксама выказаў удзячнасць іх бацькам і настаўнікам за поспехі моладзі, якая ў далейшым павінна стаць падмуркам развіцця грамадства і дзяржавы.

На абласной ёлцы кожнае дзіця атрымала салодкія прысмакі. Агульным сюрпрызам стаў сімвалічны фантан з дзясяткаў тартоў. Своеасаблівым падарункам для дзяцей быў таксама прагляд навагодняй музычнай казкі “Чароўны пераплёт” — гісторыі аб дабрыні, узаемадапамозе і сапраўдных сябрах.

Святочныя навагоднія ёлкі ў рамках акцыі “Нашы дзеці” адбыліся ва ўсіх райцэнтрах вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.