×

Чытанне без прымусу

11.02.2020 14:15,

Наша школа больш за 10 гадоў супрацоўнічае з гуманітарнай арганізацыяй “Канадская дапамога пацярпелым ад Чарнобыля”. У рамках гэтага супрацоўніцва па бязвыплатнай гуманітарнай дапамозе, дзякуючы і асабістаму ўкладу Райлі Шо, пры падтрымцы Акадэміі Св. Лаўрэнція і дзяржаўнай школы Ваньер горада Броквіля ў школе абсталявана чытальная зала.

Гэта не проста клас для чытання кніг ці частка памяшкання ў школьнай бібліятэцы. Гэта сучасная канферэнц-зала са стыльнай зручнай мэбляй для правядзення вучэбных і факультатыўных заняткаў, рознага роду нарад, сходаў. Гэта тры мяккія ўтульныя канапы і 4 дзіцячыя крэслы, вялікі высоўны экран з праектарам і якаснай гукаперадачай, які кіруецца з ноўтбука і самастойна. Гэта больш за 20 кніжных стэлажоў і зручныя сталы як для дарослых, так і для малышоў. А галоўнае — кнігі! Зала ўмяшчае адначасова да 40 навучэнцаў, а гэта амаль два класы.

Праводзіць заняткі ў чытальнай зале мы пачалі з верасня гэтага навучальнага года. Гэта ўрокі пазакласнага чытання ў 1—4-х класах, факультатыўныя заняткі, класныя і інфармацыйныя гадзіны. У сучасным свеце самай папулярнай прычынай, з-за якой дзеці не хочуць ці не любяць чытаць, з’яўляецца віртуальная прастора, іншымі словамі — даступныя гаджэты, ці “гаджэтаманія”. Гэтыя разумныя прылады настолькі захапляюць дзяцей, што цалкам непрыметна прыходзіць той момант, калі дзіця ўжо не хоча адмаўляцца ад гаджэта на ка­рысць кнігі.

Арганізаваць урок з відэапрэзентацыяй твора, які вывучаецца, не вельмі цяжка для педагогаў школы. Для дэманстрацыі ролікаў выкарыстоўваем вялікі экран чытальнай залы. Ёсць выхад у інтэрнэт. Вось і гаджэты задзейнічаны і сталі на бок настаўніка ў “барацьбе” за чытанне.

Алена ГЛУШАКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Чавус.