×

Цікавая прафарыентацыя

14.12.2019 11:40,

Выбар будучай прафесіі — адказны крок у жыцці кожнага чалавека. У 14—17 гадоў выбраць прафесію складана. Падлетак часцей за ўсё бачыць сябе ў розных эмацыянальна прывабных для яго прафесійных ролях, але канчатковы, псіхалагічна абгрунтаваны выбар прафесіі зрабіць не можа. Праблема фарміравання асобы, гатовай да паспяховай самарэалізацыі ў працы, вырашаецца сродкамі перадпрофільнай і прафесійнай арыентацыі. Сутнасць прафарыентацыі як грамадскай праблемы праяўляецца ў неабходнасці пераадолення супярэчнасці паміж аб’ектыўна існуючымі патрабаваннямі рынку працы ў кадрах і суб’ектнымі прафесійнымі імкненнямі моладзі.

З мэтай вырашэння праблемы прафесійнай арыентацыі вучняў у нашай установе адукацыі рэалізоўваецца Рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умова прафесійнага самавызначэння вучняў па запатрабаваных у рэгіёне прафесіях і спецыяльнасцях”. Рэалізацыя праекта прадугледжвае пошук і вывучэнне інфармацыі пра канкрэтную прафесію, правядзенне міні-даследаванняў, сустрэч са спецыялістамі ў самых розных фарматах, наведванне прадпрыемстваў, якія звязаны з вывучаемай прафесіяй, прафесійныя пробы.

У межах рэалізацыі праекта і з мэтай азнаёміць з прафесіяй судовага эксперта адбылася сустрэча адзінаццацікласнікаў з намеснікам начальніка Магілёўскага міжраённага аддзела дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Сяргеем Харытонавым і дзяржаўным судовым экспертам экспертна-крыміналістычнага сектара па Чавускім раёне Магілёўскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Валянцінам Бандарковым. З прафесіяй крыміналіста ўсе знаёмы па фільмах. А як усё адбываецца на самай справе і як стаць сапраўдным спецыялістам? Госці паведамілі, што экспертнае ведамства створана ў мэтах удасканалення дзяржаўнай судова-экспертнай дзейнасці. Дзяржаўны судовы эксперт Валянцін Бандаркоў расказаў вучням пра дактыласкапічную, балістычную і іншыя віды экспертыз. Вучні даведаліся, што большая частка крыміналістаў — гэта выпускнікі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Гэта адзіная спецыялізаваная вышэйшая ўстанова адукацыі, дзе рыхтуюць экспертаў.

Асабліва цікавай для навучэнцаў была дэманстрацыя абсталявання, якім карыстаюцца судовыя эксперты, а таксама магчымасць самім зняць адбіткі пальцаў і правесці іншыя даследаванні. Прадстаўнікі службы расказалі пра ўмовы паступлення ва УВА, сацыяльныя гарантыі і перспектывы росту ў прафесіі, адказалі на іншыя пытанні.

Вынікам сустрэчы стала вялікае жаданне вучняў наведаць гэтую службу з экскурсіяй, каб бліжэй пазнаёміцца з асаблівасцямі работы крыміналістаў.

Святлана ЗЮЗЬКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Чавус.