×

Да бяспекі - разам

06.03.2020 11:33,

Прадметны тыдзень “Бяспека жыццядзейнасці навучэнцаў. Дзіця ў побыце” адбыўся ў Магілёўскім дзяржаўным абласным цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Для ўдасканалення паводзінаў бацькоў і іх дзяцей пры надзвычайных сітуацыях, фарміравання бяспечнага асяроддзя знаходжання ў месцы пражывання навучэнцаў педагогамі ЦКРНіР былі выкарыстаныя разнастайныя віды дзейнасці: дыдактычныя гульні, гутаркі па ілюстрацыях, прагляд мультфільмаў, прайграванне праблемных сітуацый, праслухоўванне твораў мастацкай літаратуры, арганізацыі выстаў, адкрытых заняткаў, урокаў, пазакласных мерапрыемстваў, бацькоўскіх гасцёўняў, тэатральныя пастаноўкі.

Так, у дашкольнай групе № 3 найбольшы эмацыйны водгук і жаданне ўзаемадзейнічаць у гульнявой сітуацыі, прапанаванай дарослым, выклікаў занятак “Падарожжа па астраўках бяспекі”, на якім прасочвалася сувязь вывучаемага матэрыялу з жыццём. Цікавая форма ўзаемадзеяння выкарыстоўвалася ў дашкольнай групе № 6. Педагогі арганізавалі бацькоўскую гасцёўню “Наш бяспечны дом” з паказам фотапрэзентацый і відэасюжэтаў, фрагментаў заняткаў і нават драматызацыяй казкі С. Маршака “Кошкін дом”.

– Дзякуючы сістэмнай рабоце педагогаў, павысіўся ўзровень ведаў бацькоў аб метадах і прыёмах азнаямлення дзяцей з правіламі бяспекі ў побыце, а дзеці авалодалі элементарнымі правіламі бяспечных паводзінаў, – адзначалі пасля праведзеных мерапрыемстваў бацькі дашкольнай групы № 4.

Навучэнцы спецыяльных класаў змаглі пашырыць свае ўяўленні аб небяспечных для жыцця прадметах, з якімі яны сустракаюцца ў побыце, аб правілах карыстання імі. Асаблівасцю мерапрыемства быў удзел у ім бацькоў навучэнцаў. Адзначалася высокая актыўнасць, жаданне працаваць у камандзе, праявіць сябе.

На базе Магілёўскага абласнога цэнтра бяспекі адбыўся тэматычны бацькоўскі сход “Забеспячэнне бяспекі дзяцей – агульны клопат”. Яго ўдзельнікі маглі прайсці маршрут, абсталяваны рознымі інтэрактыўнымі пляцоўкамі: “Пажарная бяспека”, “Паводзіны на вадаёмах, у лесе, на дарозе, падчас навальніцы”, “Аказанне першай дапамогі”, “Бяспека пры эксплуатацыі электра- і газавага абсталявання”, “Антыкрымінальны блок”, “Радыяцыйная і ядзерная бяспека”. Пры гэтым выкарыстоўваліся тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, самыя новыя навучальныя і метадычныя матэрыялы. Бацькі пазнаёміліся з магчымымі пагрозамі, якія сустракаюцца ў розных абставінах, у тым ліку і ў побыце. Супрацоўнік МНС дазволіла кожнаму жадаючаму патушыць пажар вогнетушыцелем на інтэрактыўнай дошцы, знайсці памылкі ў спецыяльна абсталяваных памяшканнях, патэлефанаваць “дыспетчару” і правільна ажыццявіць неабходную дапамогу, прайсці тэст на планшэтах і праверыць свае веды па бяспецы. Асаблівую цікавасць выклікалі заняткі па аказанні першай дапамогі, дзе мамы і таты паспрабавалі сябе ў ролі выратавальнікаў. Бацькі выказалі падзяку за арганізацыю на працягу двух гадоў заняткаў па бяспецы з іх дзецьмі і самі засталіся задаволенымі новым вопытам і атрыманымі ведамі.

Лагічным завяршэннем прадметнага тыдня стаў педагагічны савет “Асновы бяспекі жыццядзейнасці – важны аспект сучаснага выхавання навучэнцаў з АПФР”.

Вераніка ШАРАЙ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Магілёўскага абласнога ЦКРНіР.